Чэмпіянат свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў завершаны

24 февраля 2015

Спартыўна, святочна і на высокім узроўні. Задаволеныя ўдзельнікі пакідаюць Беларусь. Мы спадзяёмся, што неўзабаве Раўбічы змогуць прыняць і этап Кубка свету па біятлоне. Менавіта такую ацэнку спарткомплексу і арганізацыі турніру ў Мінску далі міжнародныя эксперты. Усяго за дні турніру Беларусь атрымала дзве ўзнагароды вышэйшай пробы. Дар'я Блажко выйграла спрынт сярод дзяўчат, у гэтай жа ўзроставай групе трыумфатарам стала і эстафетная зборная нашай краіны.

Як прайшоў фінальны дзень сусветнага першынства - у рэпартажы Станіслава Ліпскага. Плюс 8 на тэрмометры і дождж. Абсалютна не біятлонныя ўмовы ў Раўбічах сёння не перашкодзілі арганізатарам турніру правесці апошнія два старты - юніёрскія эстафеты - таксама як і папярэднія на самым высокім узроўні.

Перамаглі францужанкі, расіянкі другія - для юніёрак з гэтай краіны гэта першая ўзнагарода на турніры, трэція немкі. Назаўжды Раўбічы запомніць Лена Арно з Францыі.

Лена Арно, двухразовая чэмпіёнка свету па біятлоне сярод юніёрак 2015: "Гэта ўжо другая мая залатая ўзнагарода тут. Я вельмі шчаслівая. Хочу падзякаваць арганізатарам чэмпіянату за выдатную атмасферу, ваш спарткомплекс - сусветнага класа. Усяго за 15 хвілін мы даехалі да Раўбіч з аэрапорта, усяго дзве гадзіны нам спатрэбілася, каб даляцець да Беларусі. Дарога нас не выматала, што дазволіла захаваць частку сіл. Хто ведае, магчыма менавіта яны і дапамаглі мне перамагчы".

Тым часам у перапынку паміж эстафетамі развітваюцца з чэмпіянатам валанцёры.

30 чалавек вырашылі абсалютна ўсе пытанні, якія з'яўляліся ў амаль 700 удзельнікаў турніру з 37 краін свету.

Вільдэ Гурыгард - нарвежская журналістка - працуе адразу на 10 газет з гэтай краіны. Ездзіць па ўсім свеце, адсочваючы выступленні сваіх біятланістаў на этапах Кубка свету

Вільдэ Гурыгард, журналіст, Нарвегія: "У маёй краіне, у горадзе Холменколен, ёсць таксама добры стадыён. Раўбічы нагадваюць яго па памеры, комплекс таксама ультрасучасны, праўда, у Нарвегіі снегу больш. А наогул я здзіўлена, колькіх людзей у вас назірае за біятлонам непасрэдна з трыбун. Уяўляю, што будзе, калі вы атрымаеце права правесці чэмпіянат свету сярод дарослых".

Да завяршэння нашай гутаркі на фініш прыйшлі апошнія ўдзельнікі турніру. Юніёрскую эстафету выйгралі расіяне, другія нарвежцы, французы трэція. Беларусь з 10 дадатковымі патронамі пятая. Чэмпіянат завершаны. Высокую ацэнку турніру далі як самі ўдзельнікі, так і кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі біятлона.

Тры тысячы балельшчыкаў, зразумела, гэта аншлаг, з гонарам за сваю краіну назіралі за закрыццём турніру. Спарткомплекс наўрад ці кагосьці пакінуў абыякавым.

У неафіцыйным медальным заліку Беларусь з дзвюма залатымі ўзнагародамі заняла пятае месца. Перамаглі тут расіяне.

Чэмпіянат свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў завершаны, але наўрад ці беларуская Швейцарыя - Раўбічы - у гэтым сезоне развітваецца з вялікім спортам. У нядзелю тут адбудзецца фінальны этап Кубка свету па фрыстайле ў лыжных акрабатаў, менавіта па тым відзе спорту, дзе на апошняй Алімпіядзе ў Сочы беларусы заваявалі ўсе залатыя медалі. Так што сваёй прыгажосцю і ўніверсальнасцю комплекс заваюе на гэтым тыдні не толькі біятланістаў.