Чэмпіянат свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў афіцыйна стартаваў

17 февраля 2015

Пачнем з галоўнай - спартыўнай - падзеі дня. Беларусь актыўна рыхтавалася да яе ўсе апошнія месяцы, і сёння чэмпіянат свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў афіцыйна стартаваў. Больш за 40 краін-удзельніц, сотні спартсменаў, журналістаў, балельшчыкаў, 16 гонак. Наша краіна, дэманструючы высокія вынікі ў сусветных біятлонных першынствах, маючы развітую інфраструктуру і паспяховы вопыт правядзення важных міжнародных спаборніцтваў (такіх, як чэмпіянат свету па хакеі), не на словах, а на справе заслужыла права правядзення яшчэ аднаго прэстыжнага сусветнага першынства. Спартыўны дух, азарт балельшчыкаў і відовішчнасць мерапрыемства яшчэ наперадзе. А сёння на плошчы Дзяржаўнага флага ў Мінску менш чым пятнаццаць хвілін таму завяршылася маляўнічая цырымонія адкрыцця юніёрскага чэмпіянату свету па біятлоне.

На месцы падзей у прамым эфіры працуе наш спартыўны аглядальнік Андрэй Іваноў.

Месцам правядзення ўрачыстай цырымоніі была выбрана плошча Дзяржаўнага флага, і арганізатары не памыліліся. Па-першае, многім не прыйшлося марнаваць час на тое, каб дабрацца да Раўбіч, усё-такі час позні. А па-другое, тут удалося стварыць утульную атмасферу і пазнаёміць гасцей з гісторыяй і культурай Беларусі. Дзесьці ў 19:40 прадстаўнікі ўсіх краін-удзельніц прыбылі на месца дзейства. І пакуль яны рыхтаваліся да парада, у якасці пралогу гледачам быў прапанаваны тэатральна-мастацкі паказ.

Не ўсе спартсмены змаглі прыехаць сюды і паўдзельнічаць у парадзе, у многіх заўтра гонкі, таму ўсе думкі толькі пра трасу, тактыку і вынік. Але той, хто прыехаў сюды, не пашкадаваў. Як краіна-арганізатар Беларусь заўсёды скрупулёзна падыходзіць да ўсіх давераных турніраў.

Першыя гонкі чэмпіянату свету пройдуць у Раўбічах заўтра. Спачатку на старт выйдуць дзяўчаты. Індывідуальная гонка на 10 кіламетраў, пачатак а 10-й гадзіне. У 13:30 стартуе аналагічная юнацкая гонка, толькі на 12,5 кіламетра. Сёння ж прайшлі афіцыйныя трэніроўкі. Ні ў адной з каманд пакуль не было пытанняў ці прэтэнзій, усе задаволеныя ўмовамі.

Аляксандр Шамко, Міністр спорту і турызму Беларусі: "Цікавасць да турніру вялікая. Зразумела, калі ў будны дзень не ўсе трапяць у Раўбічы, то ў выхадныя балельшчыкаў будзе больш".

Давялося пагутарыць з прадстаўнікамі фан-клуба Дар'і Домрачавай. Дык вось там прызналіся, што, па-першае, яны самі прыедуць падтрымаць моладзь, па-другое, запэўнілі, што ў Раўбічы прыедуць замежныя балельшчыкі, якія падарожнічаюць разам з камандамі па этапах Кубка свету. І гэта нягледзячы на тое, што турнір юніёрскі, а ўсе зоркі біятлона рыхтуюцца да чэмпіянату свету.

Дарэчы, сама трохразовая алімпійская чэмпіёнка пажадала сваёй краіне годна правесці турнір, бо ад яго арганізацыі будуць залежаць перспектывы прыняць этап Кубка свету.