Чэмпіянат Еўропы па водных лыжах за электрацягай упершыню прымае Беларусь

7 Верасня 2019
Калі для лёгкаатлетаў усё яшчэ наперадзе, то для вадналыжнікаў барацьба ў самым разгары. Гэтымі днямі яшчэ адзін спартыўны форум прымае Беларусь. Чэмпіянат Еўропы па водных лыжах за электрацягай праходзіць пад Мінскам. На вадасховішчы Пціч сабраліся наймацнейшыя вадналыжнікі Старога Свету. 8 краін, 6 дзясяткаў спартсменаў з Францыі, Германіі, Аўстрыі, а яшчэ Славакіі, Польшчы, Украіны, Ізраіля і Расіі. Каманда нашай краіны  прадстаўлена ў большасці. 14 спартсменаў -  лепшыя выхаванцы мінскай школы і Наваполацка. Але толькі 6 з іх адстойваюць гонар каманды, астатнія атрымліваюць вынікі ў асабісты залік. Змагаюцца атлеты ў  трох дысцыплінах - фігурнае катанне, слалам і скачкі з трампліна. Адзначым, што права правесці кантынентальны форум нашай краіне  дадзена ўпершыню. І ўжо пасля  двух  дзён спаборніцтваў топ-менеджмент міжнароднай федэрацыі яшчэ раз  пераканаўся ў правільным выбары.

Сёння былі разыграныя медалі ў скачках з трампліна. У жанчын першыя месцы ў тытулаваных беларусак. Ірына Турэц з Мінска паляцела на золата, хаця ў папярэднім заездзе саступала Ганне Стральцовай з Наваполацка, але фінал вырашыла пакінуць за сабой. У Ганны  другі вынік. Сярод мужчын наша каманда заняла другое і трэцяе месцы. Мікіта Папакуль і Сцяпан Шпак саступілі спартсмену з Польшчы. Пакуль у агульным заліку каманда Беларусі лідзіруе. 

Заўтра пройдуць фіналы ў фігурным катанні і слаламе. Арганізатары запрашаюць усіх на Пціч хварэць за нашу каманду і атрымліваць асалоду ад сапраўды відовішчнага віду спорту.