Чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні. На лёдзе "Мінск-Арэны" адвольная мужчынская праграма

26 января 2019

Самы насычаны на падзеі дзень на чэмпіянаце Еўропы па фігурным катанні стартаваў менш за гадзіну таму на лёдзе "Мінск-Арэны". Зараз увага ўсіх спартыўных балельшчыкаў прыкавана да спаборніцтваў у мужчынскім адзіночным катанні, трансляцыю якога ў гэтыя хвіліны вядзе тэлеканал "Беларусь 5". Інтрыг тут некалькі: ці зможа Хаўер Фернандэс стаць сяміразовым уладальнікам тытула і на мажорнай ноце завяршыць кар'еру? Альбо поспех пасля кароткай праграмы ўмацуе Міхаіл Каляда? Фаварыты ў барацьбе за медалі выступяць пазней. Падрабязнасці ў нашых найбліжэйшых выпусках. У вячэрнім эфіры за кантынентальнае золата пазмагаюцца танцавальныя пары.

Напярэдадні трыумфатарам у жаночым адзіночным катанні стала Соф'я Самадурава. Яна значна апярэдзіла алімпійскую чэмпіёнку Аліну Загітаву, якая ў выніку стала другой.

Чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні - першы хатні ў гісторыі Беларусі, маштабны і грандыёзны - пакідае толькі самыя яркія і пазітыўныя эмоцыі ва ўдзельнікаў і гледачоў. Запоўненыя трыбуны "Мінск-Арэны" сведчаць аб тым, што самы прыгожы від спорту прыцягнуў увагу ўсёй Еўропы, для многіх па-сапраўднаму адкрыўшы нашу краіну. І спартсмены, і эксперты гавораць пра камфорт і каласальную падтрымку балельшчыкаў.