Cборная Беларусі пазмагаецца з Германіяй у 20:15 на тэлеканале "Беларусь 1"

13 мая 2016

Сёння мы пачынаем раней, чым звычайна. Падстава значная. Літаральна праз паўгадзіны зборная Беларусі пазмагаецца ў паядынку супраць Германіі на чэмпіянаце свету. Прамую трансляцыю матча пакажа тэлеканал "Беларусь 1". Напярэдадні наш сапернік выступаў супраць Канады. І варта адзначыць, добра папрацаваў, але поспех усё роўна быў на баку фаварыта турніру - Канады: 5:2. На карысць беларусам згуляў і вынік паядынку Францыя - ЗША. Французы не змаглі аддаліцца ад нашай каманды ў турнірнай табліцы, прайграўшы амерыканцам 0:4. Перамога дружыны Дэйва Льюіса над Славакіяй прынесла ў нашу скарбонку 3 балы. Усе гэтыя дні ў Пецярбургу працуе наш карэспандэнт Андрэй Казлоў. У яго ўсе падрабязнасці на гэты час.

Фантастычны трэці перыяд у матчы супраць Славакіі даў нам магчымасць разважаць сёння аб выхадзе ў плэй-оф чэмпіянату свету нашай каманды не матэматычна, а сапраўды фактычна. Аднак галявая феерыя ў вароты славакаў не павінна нейкім чынам уплываць на настрой беларусаў у вельмі цяжкім, безумоўна, матчы супраць Германіі.

Чаму ж робім такія высновы? На гэтым чэмпіянаце хакеісты зборнай Германіі паказваюць, магчыма, нестабільны хакей. Гэта пацвярджае паражэнне ад Францыі. Але ўсё ж узровень гэтай каманды даволі высокі. Напрыклад, на турніры немцы разграмілі славакаў, 5:1, і далі бой напярэдадні канадцам, саступіўшы 2:5.

Нашы ж хакеісты, насупраць, атрымалі ў сваё распараджэнне цэлы дзень адпачынку, аднавіліся, а сёння правялі перадматчавую раскатку. Г.з. калі каляндар спачатку быў супраць нас, то зараз ён зручны, таму што, мяркуючы па матчы паміж зборнымі Германіі і Канады, гэты матч адняў у нашага сённяшняга саперніка шмат сіл.

Пасля раскаткі, напрыклад, Дэйв Льюіс аб'явіў імя першага варатара ў гульні супраць Германіі. Гэта будзе Віталь Коваль. Але таксама і распавёў, што ўдзел капітана Аляксея Калюжнага ў сённяшнім матчы пад пытаннем.

Дэйв Льюіс, галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі:

"Калюжны трэніраваўся па індывідуальнай праграме. Вы ўбачыце вечарам, які ў яго стан. Што тычыцца нашага саперніка, то Германія - выдатная каманда, у якой добрыя гульцы і моцны трэнер. Акрамя таго, да іх далучыўся варатар з НХЛ".

Што ж турбуе, перш за ўсё, у гульні нашай каманды? Вялікая колькасць выдаленняў ва ўсіх сустрэчах групавога этапу. Але ёсць яшчэ адзін недахоп. Аб ім нам распавёў спартыўны дырэктар мінскага "Юнацтва" Аляксей Торбін.

Напярэдадні з'явілася інфармацыя, што цэны на віп-ложу ў маскоўскай групе чэмпіянату свету, дзе гуляе зборная Расіі, узляцелі да астранамічных лічбаў. Кошт роўны трохпакаёвай кватэры ў цэнтры Масквы.

У Пецярбургу з білетамі некалькі прасцей, але вось на беларусаў у абед можна было набыць квіткі ў раёне 4 тысяч расійскіх рублёў. У нашым эквіваленце гэта больш за мільён беларускіх рублёў.

Некаторыя пытанні хацелі ўдакладніць у галоўнага прадстаўніка Федэрацыі хакея Расіі Валерыя Фесюка, выканаўчага дырэктара арганізацыі, у тым ліку аб білетнай праграме і вопыце мінскага чэмпіянату свету. Але прэс-служба ФХР была супраць, г.з. нягледзячы на добрую арганізацыю ў цэлым, аргкамітэт у Санкт-Пецярбургу працуе ў закрытым рэжыме.

Беларускія балельшчыкі запаўнялі фанзону ўжо пасля апоўдня, хоць матч прызначаны на 20:15. Настрой ў іх безальтэрнатыўны - перамога.

50 на 50. Прыкладна такую выснову дазваляюць зрабіць букмекерскія канторы, якія выставілі прыблізна роўны каэфіцыент на матч Беларусі і Германіі. Меркаванні розных букмекераў вагаюцца, хтосьці аддае мінімальную перавагу беларусам, хтосьці немцам. Але каэфіцыенты ў цэлым вагаюцца нязначна.

Мы памятаем, што Славакіі аддавалі відавочную перавагу, але хакеісты зборнай Беларусі на гэта зусім не звярнулі ўвагу. Праўда, у гульні супраць Германіі трэба правесці ўсё тры перыяды на ўзроўні заключнай траціны гульні са славакамі. Сёння другі з двух ключавых матчаў на турніры, перамога ў якім прыадчыніць беларусам дзверы ў плэй-оф.