Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі ўпершыню за апошнія пяць гадоў і трэці раз за сваю гісторыю выйшла ў плэй-оф чэмпіянату свету. Учора позна ўвечар нашы хакеісты з лікам 3:1 перайгралі каманду Латвіі і замацаваліся ў чацвёрцы наймацнейшых групы В. Сведкамі беларускага трыумфу стала рэкордная для хатняга чэмпіянату свету колькасць балельшчыкаў, больш за 14 500 чалавек сабраліся на Мінск-Арэне, сярод іх была і наша здымачная група.
Расказвае Алена Гарэльчык: На матч Беларусь - Латвія на Мінск-Арэну прыехала рэкордная для хатняга чэмпіянату свету колькасць балельшчыкаў - 14531. Сотні тысяч сачылі за гэтай гульнёй па тэлевізары, і ўсе яны верылі ў сваю каманду.
Перамога і толькі ў асноўны час гарантавала зборнай Беларусі за тур да канчатка групавога этапу выхад у чвэрцьфінал. Прыбалты для нашай зборнай - сапернік прынцыповы. На планетарных форумах у гэтай каманды мы не выйгравалі ўжо 15 гадоў.
33 секунды… спачатку Джэф Плат, а пасля Міхаіл Грабоўскі. Мінск-Арэна літаральна ўстала. А на лёдзе тым часам кіпелі пачуцці - эмоцыі зашкальвалі.
Здавацца латышы не збіраліся, у сярэдзіне другога перыяду, атрымаўшы колькасную перавагу на два гульцы, прыбалты рэалізавалі большасць. Цана памылкі ўзрасла ў разы. За хвіліну да канца трэцяга перыяду латышы трапляюць у вароты Лаланда. Рэферы матча не залічвае шайбу, бо ўгледжвае парушэнне ў гэтым эпізодзе. Хэнлан бярэ тайм-аўт, прыбалты ідуць ва-банк, здымаюць варатара. За секунду да фінальнай сірэны Сяргей Касціцын адпраўляе шайбу ў пустыя вароты. 3:1 - гэта перамога. Беларусь у плэй-оф чэмпіянату свету.
У мікст-зоне героі матча амаль без эмоцый. Эмоцыі засталіся там, на лядовай пляцоўцы. Камандзе ж менш як праз суткі зноў выходзіць на лёд і гуляць, гуляць на перамогу.
Сёння беларусы правядуць заключны матч групавога раўнда супраць каманды Расіі. За лідараў нашай групы не згуляе Аляксандр Авечкін. Затое расіянам падаспела дапамога ў асобе Яўгена Малкіна.
Хакей - камандны від спорту. І мы пастараемся выявіць камандны дух і супраціўляцца расіянам.
Латышы сёння згуляюць са швейцарцамі - на коне яшчэ пуцёўка ў плэй-оф. Выніку гэтага матча з нецярпеннем чакаюць і фіны, учора яны абгулялі Казахстан 4:3 і змогуць выйсці ў плэй-оф толькі ў выпадку паражэння прыбалтаў.
Зборная Італіі ўслед за Казахстанам пакідае элітны дывізіён. Удзельнікі плэй-оф у групе А вядомыя. Заключны дзень толькі расставіць каманды па месцах.














