Барысаўскі БАТЭ за крок ад групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў

6 августа 2014
Гэты камерцыйны турнір не толькі самы прэстыжны ў Еўропе, ён яшчэ дае магчымасць зарабіць добрыя грошы, а такім невялікім клубам, як БАТЭ і зусім выйсці на самаакупнасць. Да гэтага, дарэчы, пасродкам указаў і пастаноў спартсменаў заклікае і дзяржава.


Напярэдадні перапоўненая Барысаў-Арэна апладзіравала беларусам, якія ў драматычным матчы абгулялі наймацнейшую каманду Венгрыі - Дэбрэцен.


Наш карэспандэнт Мікалай Стула бачыў, якіх тытанічных намаганняў каштавала барысаўчанам атрымаць валявую перамогу.


Варатар БАТЭ Сяргей Чэрнік на каленях упрошвае шведскага суддзю не ставіць пенальці ў вароты барысаўчан, маўляў, парушэння не было. Бо гэта пенальці рабіла сітуацыю амаль бязвыхаднай - беларусам, каб абгуляць Дэбрэцен, трэба было забіваць ужо тры галы. Але скандынаў быў няўмольны. А потым і гол у вароты БАТЭ. 0:1.

Каманда аказалася прыціснутай да сценкі, не кінула гуляць, выскалілася… і пабегла. У венграў, асабліва на левым флангу, закруціліся галовы. Як вынік, госці застаюцца ў меншасці на цэлую гадзіну. Перад перапынкам цэлі дасягае ўдар Аляксандра Валодзькі. Гэта быў добры знак - паўабаронца забівае толькі па святах і толькі найважнейшыя мячы.


Пасля перапынку БАТЭ ўзмацняе націск, другі мяч на рахунку Віталя Радзівонава.
Венгры цягнуць час, сімулююць, без прычыны валяюцца на газоне. Суддзя дадае да асноўнага часу матча шэсць хвілін. Аб прыгожых камбінацыях размовы няма - ідзе просты навал. Падача ў штрафную і там шчаслівы білет выцягвае Сяргей Крывец.


А вось так пераможны гол сустрэў галоўны трэнер Аляксандр Ермаковіч. Чалавек апынуўся пад вялізным прэсінгам, вытрымаў - прайшоў хрышчэнне. Бо пасля сыходу з каманды Віктара Ганчарэнкі агульнае меркаванне было такое - БАТЭ ўжо не той. Кіраўнік клуба Анатоль Капскі пасля гульні яшчэ раз прадставіць Ермаковіча журналістам як трэнера.

Стрыманыя на эмоцыі трэнер Аляксандр Ермаковіч і варатар Сяргей Чэрнік - апошнія тыдні ім давялося цяжэй за іншых. Яны выйгралі найважнейшы матч у сезоне, выклікалі прыхільнасць да сябе перапоўненай Барысаў-Арэны. Атмасферу на стадыёне цяжка перадаць словамі.


БАТЭ зноў вырваў перамогу, як гавораць у футболе, на падаючым флажку. Валідольныя канцоўкі становяцца фірменным знакам беларускага чэмпіёна. Пераможцаў не судзяць. Зараз, каб упершыню прывезці ў Барысаў Лігу чэмпіёнаў, засталося зрабіць адзін крок.


Ліга чэмпіёнаў - гэта не толькі станоўчыя эмоцыі, добры футбол, гэта яшчэ і вялікія грошы. Калі БАТЭ пройдзе раўнд плэй-оф і праб'ецца ў групавы раўнд самага прэстыжнага турніру, то адначасова атрымае 8 мільёнаў 600 тысяч еўра. Перамога ў групавым раўндзе будзе каштаваць мільён еўра, нічыя ўдвая менш, але таксама нядрэнна аплачваецца.


Пры самім горшым раскладзе БАТЭ згуляе ў Лізе Еўропы. Гэта не так выгадна. Аднаразовая выплата - мільён 300 еўра. Кожная перамога - 200 тысяч, нічыя - 100 тысяч. Беларускаму чэмпіёну таксама належаць
грошы за пераадоленне двух кваліфікацыйных раўндаў.


Еўракубкавая восень з яе добрымі бонусамі можа быць і яшчэ ў двух беларускіх клубаў - мінскага Дынама і Шахцёра. У іх шлях у Лігу Еўропы крыху даўжэйшы. Калі ўсё будзе добра ў чацвер, то ў пятніцу з нецярпеннем будзем чакаць жараб'ёўку.