Вялікае свята на вуліцах Бразіліі

24 июня 2014
Футбольная зборная гэтай краіны прабілася ў плей-оф дамашняга чэмпіянату. Пакуль бразільцы паказваюць упэўненую гульню і прэтэндуюць на шосты ў сваёй гісторыі тытул лепшай каманды планеты. Аднак загадваць яшчэ рана. У любым выпадку трыумфальную перамогу ўбачыць увесь свет. Тэлеаўдыторыя перавышае тры мільярды чалавек.

Сярод пастаянных гледачоў і наш карэспандэнт Павел Капуцкі.


Яшчэ трохі - і бразільцы, здаецца, пачнуць яму пакланяцца. Самы любімы футбаліст Бразіліі - Неймар - зрабіў дубль у вароты Камеруна. Першы з яго мячоў стаў сотым на гэтым мундзіяле. Таксама соты матч на ўсіх чэмпіянатах свету праводзіла бразільская зборная. Гаспадары ўпэўнена перайгралі афрыканцаў 4:1 і забяспечылі сабе першае месца ў групе A.
Неймар, гулец зборнай Бразіліі па футболе: Мая задача заключаецца ў тым, каб дапамагаць партнёрам, ствараць моманты і забіваць мячы. Нельга вылучаць кагосьці аднаго, важная ўся каманда. Мы заслужылі такі лік, і зараз яшчэ больш упэўненыя ў сваіх сілах.
Разам з бразільцамі з групы A ў плей-оф кваліфікаваліся мексіканцы. У апошнім матчы яны прымусілі сказаць бывай чэмпіянату свету яшчэ адну еўрапейскую каманду - Харватыю, 3:1. Перамога аб'яднала нацыю. Некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў мексіканскай дыяспары ў Каліфорніі выйшлі на вуліцы. У эйфарыі загарадзілі праезную частку і пачалі разгойдваць аўтамабілі. Вялікіх беспарадкаў не ўчынілі, але некаторых затрымаць давялося. Караць дэбашыраў будуць па законах штата Каліфорнія, а не Мексікі.
У плей-оф нашчадкі ацтэкаў пазмагаюцца з непераможнымі галандцамі. Аранжавыя напярэдадні перайгралі Чылі 2:0, адправіўшы апошніх на бітву з Бразіліяй. Пераможцы апошніх чэмпіянатаў свету і Еўропы - іспанцы - вяртаюцца на Пірэнеі, Аўстралія зрынутая 3:0.
Вісентэ дэль Боске, галоўны трэнер зборнай Іспаніі па футболе: Я ужо шэсць гадоў працую са зборнай Іспаніі. За гэты час мы сталі чэмпіёнамі свету і Еўропы, ідзем першымі ў рэйтынгу ФІФА. Гулялі таксама нядрэнна. Так, саступілі, вымушаныя пакінуць турнір, але мы едзем з высока паднятай галавой. Чым бліжэй фінал, тым больш жорсткая барацьба. Выйграць кубак усім хочацца, але ж людзі даўно ведаюць, што футбалісты за проста так не гуляюць. Прызавы фонд бразільскага мундзіялю на 37 працэнтаў большы за чэмпіянат чатырохгадовай даўнасці - 576 мільёнаў долараў.
Першы чэмпіянат свету праходзіў у 1930 годзе і ўжо, напэўна, няма на зямлі чалавека, які б бачыў усе турніры. Але карціну лёгка ўзнавіць. Хаця б часткова. У Бразіліі працуе выстава, дзе экспануюцца формы каманд - удзельніц мундзіяляў усіх часоў. Ёсць нават нямецкая форма 1938 года.
Кожны чэмпіянат асаблівы. Але адзін паказчык расце стабільна - колькасць тэлегледачоў. За цяперашнім турнірам не са стадыёнаў назіраюць 3 мільярды 200 мільёнаў чалавек. Дзякуй людзям, якія працуюць у космасе.
Хаўер Лабаа, кіраўнік тэлекамунікацыйнай кампаніі: Гэта вялізная падзея ў свеце спадарожнікавых перадач. Працы ў нас заўсёды хапае, але зараз, калі футбол глядзяць мільярды людзей, гэта сапраўдны іспыт. Пакуль усё праходзіць добра і на футбольных палях, і ў нас у космасе.
Менавіта дзякуючы спадарожнікам сігнал распаўсюджваецца па ўсім свеце. На Беларусь таксама. Усе матчы чэмпіянату глядзіце ў прамым эфіры на каналах Белтэлерадыёкампаніі.