Вялікі хакей ужо ў Мінску

9 мая 2014

Сёння, 9 Мая, у горадзе-героі Мінску будзе дадзены старт яшчэ адной знакавай падзеі - чэмпіянату свету па хакеі. Калі б не было той Перамогі, не было б гэтага свята. Да пачатку першых матчаў застаецца менш чым дзве гадзіны. Ужо ў 16:45 на лёдзе Мінск-Арэны сыдуцца зборныя Расіі і Швейцарыі. Усходнія суседзі прагнуць рэваншу пасля правалу на сочынскай Алімпіядзе, іх праціўнік - сярэбраны прызёр мінулага чэмпіянату свету. На Чыжоўка-Арэне таксама будзе горача - у 16:45 Канада згуляе з Францыяй.


Там зараз працуе наш карэспандэнт Павел Капуцкі. У французаў шанцаў значна менш, чым у канадцаў. Але яны ёсць у любым выпадку. Калі паглядзець статыстыку, то відаць, што першыя дні чэмпіянатаў свету - самы спрыяльны час для сенсацый. Энхаэлаўцы ў топ-зборныя, як правіла, прыязджаюць у апошні момант. А вось сераднякі накшталт Францыі маюць магчымасць сабрацца крыху раней, прывесці ў парадак камандныя сувязі.


І вось канадцы поўнасцю ўкамплектаваныя гульцамі наймацнейшай лігі свету. Назем Кадры з Таронта, Кевін Біекса з Ванкувера. Джэйсан Чымера - Вашынгтон. І яшчэ 17 добра вядомых у хакейным свеце імёнаў.


У французаў ростар больш сціплы. Энхаэлаўцаў усяго два - Антуан Русель з Даласа і Стэфан да Коста з Атавы. Хакеісты ўжо выпрабавалі лёд Чыжоўка-Арэны і засталіся задаволеныя.


Жульен Дэразье, нападаючы зборнай Францыі: Лёд добры. Тут скардзіцца няма на што. Наша задача - застацца ў элітным дывізіёне, і мы абяцаем паказаць добры хакей.


Балельшчыкі ўжо падцягваюцца да Чыжоўка-Арэны. Будзе гістарычны момант і для новага спарткомплексу, і для ўсёй краіны. Падчас чэмпіянату тут будуць змагацца каманды групы А. У суме 28 матчаў. Таксама Чыжоўка-Арэна прыме два чвэрцьфінальныя паядынкі. Паўфіналы і фінал пройдуць на Мінск-Арэне.


Вельмі своечасова ў Мінск вярнулася цяпло. У небе пахмурна, але дождж не намячаецца. Дарэчы, літаральна гадзіну таму заходзіў на сайт афіцыйнага білетнага аператара, і квіткі на матч Канада - Францыя яшчэ заставаліся. Праўда, не самыя танныя: ад 400 тысяч. Такім чынам, пачатак матча ў 16:45. Паралельна на Мінск-Арэне згуляюць Расія і Швейцарыя. Вялікі хакей ужо ў Мінску!