Вялікі хакей сабраў поўныя трыбуны "Чыжоўка-Арэны"

14 апреля 2018

У спаборніцтве за галоўны трафей сярод аматараў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба сышліся наймацнейшыя каманды па выніках чэмпіянату - каманда Прэзідэнта Беларусі і хакеісты з Мінскай вобласці. Лік у фінальнай серыі - да 2 перамог - перад гэтай сустрэчай быў 1:0 на карысць гаспадароў. І нягледзячы на аматарскі статус, запал на лёдзе не саступае фіналу сусветнага першынства. Хто стаў пераможцам - ведае Алена Гарэльчык.

Галоўны прыз хакейнага турніру - пераходны кубак. Ён быў зроблены 11 гадоў таму. З таго часу змяніў трох уладальнікаў. Адзін раз трафей выйгравалі хакеісты Мінскай вобласці, яшчэ раз - Гомельскай. Сёлета гамяльчане сталі бронзавымі прызёрамі. Восем гадоў і да сённяшняга дня ён знаходзіўся ў каманды Прэзідэнта.

Тыдзень таму ў Маладзечне каманда Прэзідэнта Беларусі перайграла хакеістаў Мінскай вобласці з лікам 12:8, але фінальная серыя доўжыцца да дзвюх перамог. А значыць сёння госці мелі шанц адыграцца.

Былых хакеістаў не бывае - аматарскі турнір для экс-прафесіяналаў як аддушына, магчымасць прадоўжыць жыццё ў спорце. У складзе абедзвюх каманд-фіналістаў нароўні з аматарамі хакеісты, якія некалі гулялі нават у нацыянальнай зборнай. Такі хакей балельшчыкі любяць за эмоцыі, кураж і адрэналін.

2:1 па выніках двух перыядаў - не самы папулярны лік для матчаў турніру. Балельшчыкі прывыклі - шайб у такіх сустрэчах з лішкам.

Напрыклад, самым дзейсным у гэтым сезоне атрымаўся першы фінальны паядынак - у варатарскія вароты ўляцела 20 шайб. А менш за ўсё за гульню - па 3 шайбы - закідвалі толькі ў 2 матчах з 26 гульняў. Усяго ж за чэмпіянат чырвонае святло за варатарскімі варотамі загаралася 231 раз.

У перапынках паміж перыядамі на лёдзе хакей іншага ўзроўню - для балельшчыкаў. Задачы тыя ж - закінуць шайбу ў вароты, толькі без клюшкі, ды і форма ў гэтых хакеістаў незвычайная.

Гуляць у хакей ніколі не позна. Як прыклад - ужо 17 гадоў у Беларусі існуе чэмпіянат горада Мінска сярод аматараў. Сёння гэтае тры дывізіёны, у трэцім - самім маладым і шматлікім - гуляюць менавіта тыя, хто ў гэты від спорту прыйшоў ва ўсвядомленым узросце. Раніцай, напрыклад, лечыць людзей, вечарам - з клюшкай на лёд.

Аляксей Цітавец - трэнер каманды трэцяга дывізіёна, у чэмпіянаце Мінска - гулец "Сталіцы". Яго калега па клубе Дзмітрый Дудзік сёння па іншы бок, абараняе Мінскую вобласць. Тут усё як у прафесіяналаў: гульні за зборную рэгіёна - як вяршыня айсберга.

Трэці перыяд другога фінальнага матча атрымаўся самым дзейсным. Госці саступалі, ішлі ва-банк, пасля гульцы скажуць - падвяла дысцыпліна. Як вынік, вялікая колькасць выдаленняў. 6:2 вынік матча і 2:0 перамога ў серыі. Каманда Прэзідэнта Беларусі выйгравае кубак пяты год запар і дзявяты ў гісторыі.

Лепшым варатаром турніру стаў галкіпер каманды Гомельскай вобласці Міхаіл Моцар, Дзяніс Гроць з Мінскай вобласці быў прызнаны лепшым абаронцам, гулец каманды Прэзідэнта Беларусі Генадзь Савілаў - лепшы форвард, а Павел Белы з 20 баламі - гэта 5 закінутых шайб і 15 дзейсных перадач - узначаліў спіс бамбардзіраў спаборніцтваў.

А пасля матча хакеісты яшчэ не раз скажуць адзін аднаму "дзякуй за гульню" і падзякуюць балельшчыкам за падтрымку. І гэтыя эмоцыі будуць самымі шчырымі.