Вялікі баскетбол ізноў у Мінску! Мы прымаем чэмпіянат свету

21 июля 2018

Удзельнічаюць 16 лепшых жаночых зборных ва ўзросце да 17 гадоў. На працягу 9 дзён у гледачоў будзе магчымасць убачыць будучых пераможцаў Алімпіяд. Для нас гэта яшчэ і чарговая праверка сваіх сіл перад II Еўрапейскімі гульнямі. За адкрыццём сусветнага чэмпіянату назірала Крысціна Камыш.

На Алімпійскіх гульнях у Рыа жаночая зборная Беларусі па баскетболе змагалася да апошняга і ледзь не выйшла ў плэй-оф. Гэтая каманда - наш гонар. Аднак ёй трэба амаладжэнне.

Магчыма, не за Гульні ў Токіа ў 2020-м, але сапраўды за Алімпіяду ў Парыжы праз 4 гады менавіта гэтая група дзяўчат будзе змагацца на паркеце.

Аднак зараз галоўная задача перад прыгажунямі - годна выступіць на хатнім чэмпіянаце свету па баскетболе сярод дзяўчат да 17 гадоў. Спаборніцтвы такога ўзроўню ў гэтым відзе спорту Мінск не прымаў даўно.

32 гады таму - у 1986-м - сталіца Беларусі была пляцоўкай групавога этапу першынства планеты сярод жаночых каманд.

Адна з задач форуму - адкрыць замежным гасцям беларускую сталіцу. Бо менш чым праз год тут пройдуць II Еўрапейскія гульні.

Тут усе наймацнейшыя свету - 16 зборных. Чаго варта адна каманда ЗША. Амерыканкі ўзялі тры з чатырох разыграных тытулаў. Хоць на мінулым чэмпіянаце ўсё ж саступілі аўстралійкам.

У Мінску чэмпіёнкі атрымаюць новы Кубак свету. На распрацоўку дызайну трафея пайшло 6 месяцаў. Ён падобны на каменную груду, якая, як і юныя баскетбалісткі, патрабуе агранкі. Выкананы кубак з каштоўных металаў, а важыць больш як 3 кілаграмы.

Зборная Беларусі ўжо гарантавала сабе ўдзел у плэй-оф чэмпіянату. У 1/8 фіналу выходзяць усе каманды без выключэння. Аднак, чым вышэйшае месца ў квартэце, тым лягчэйшы сапернік у накаўт-раўндзе.

На групавым этапе беларускі сустрэнуцца з Японіяй і Францыяй. А ў гэтыя хвіліны тэлеканал "Беларусь 5" вядзе прамую трансляцыю матча супраць Калумбіі. Прымаць першынство будуць дзве арэны - Палац спорту і Falcon Club. Уваход на матчы свабодны. А прадоўжыцца чэмпіянат свету да 29 ліпеня.