Больш за 90 нашых спартсменаў пазмагаюцца за медалі Сусветных ваенных гульняў

18 октября 2019
Свае спартыўныя навыкі  беларускія вайскоўцы змогуць прадэманстраваць у Кітаі. Там стартавалі VII Сусветныя ваенныя гульні. Удзельнічаюць  109 краін.

Больш за 9 тысяч атлетаў разыграюць медалі ў 329 дысцыплінах - у 27 летніх відах спорту. Беларусь прадставіць зборная Узброеных cіл. Больш за 90 нашых спартсменаў пазмагаюцца за медалі ў стральбе з лука, боксе, фехтаванні, дзюдо, парашутным спорце, пяцібор'і, лёгкай атлетыцы. Цырымонія  адкрыцця спаборніцтваў адбылася сёння ва Ухані. Пасля традыцыйнага парада ўдзельнікаў  гасцей і тэлегледачоў чакала светлавое шоу з элементамі 3D,а таксама  тэатралізаваная пастаноўка аб гісторыі Кітая. Старшыня КНР Сі Цзіньпін  асабіста аб’явіў Сусветныя гульні  адкрытымі. Відэазварот ўдзельнікам спаборніцтваў запісаў і кіраўнік МАК  Томас Бах. Выступіў на цырымоніі і Джэкі Чан.

Сусветныя летнія ваенныя гульні,  як і Алімпійскія гульні,  праходзяць раз за чатыры гады. На папярэдніх шасці форумах  беларусы заваявалі 87 узнагарод,  14 з якіх залатыя. Завершыцца спартыўны форум 27 кастрычніка.