Больш за 520 атлетаў з 26 краін. У Мінску стартаваў чэмпіянат Еўропы па муай-тай

5 ноября 2019
Мінск ізноў прымае буйную міжнародную спартыўную падзею. Гэтым разам  чэмпіянат Еўропы па муай-тай. У Палацы спорту спаборнічаць на працягу ўсяго тыдня будуць больш за 520 атлетаў з 26 краін Еўропы. Вялікая група байцоў прадстаўляе Беларусь - 90 спартсменаў. Такія вялікія лічбы дасягнутыя і дзякуючы фармату чэмпіянату кантынента. Упершыню з 2014 года ў адным месцы і ў адзін час сабраліся не толькі дарослыя спартсмены, але і юніёры. У першы спаборніцкі дзень прайшлі 7 баёў з удзелам беларусаў: 2 дзяўчыны, 5 хлопцаў. Далей прайшлі Мікалай Свядомскі, Максім Пяткевіч, Данііл Ярмоленка і Віталь Гуркоў. Галоўная нечаканасць - вылет чэмпіёна свету-2017 Яўгена Волчака.

Барацьба за медалі разгорнецца ў суботу і нядзелю. Уваход вольны. Дарэчы, спартсмены на гэтым тыдні будуць занятыя не толькі ў рынгу. Прадстаўнікі еўрапейскіх каманд наведаюць мінскія агульнаадукацыйныя школы і правядуць урокі спорту для беларускіх школьнікаў у рамках сацыяльнай праграмы "Міжнародны спорт  для ўсіх".