Біятланісты завяршылі сезон

20 марта 2017

Дар'я Домрачава пасля вяртання ў вялікі спорт і ў апошняй гонцы сезона прабіваецца ў топ-8 на гэты раз масстарту. Ён праходзіў у Халменколене на заключным этапе Кубка свету. У Надзеі Скардзіны тут 13-е месца. Выступленне, якое ўсяляе веру ў поспех у наступным алімпійскім сезоне, бо пік формы ў страляючых лыжніц запланаваны на лютаўскія выступленні ў Пхёнчхане. Сёння ж сусветны біятлон бярэ паўзу да наступнага снежня і ідзе на канікулы.

Станіслаў Ліпскі ў Нацыянальным аэрапорце сустракаў трэнерскі штаб зборнай і падвёў вынікі сезона.

Уладзімір Чапелін і Дар'я Юркевіч - дзве бронзы індывідуальных гонак у Эстэрсундзе і Дар'я Домрачава - серабро чэмпіянату свету і трэцяе месца ў спрынце ў Кантыялахці.

Чатыры п’едэсталы за сезон для цэлай зборнай няшмат, але звальненне галоўнага трэнера Валерыя Пальхоўскага за два месяцы да старту Кубка свету непрыкметна прайсці не магло. Добра, што Дар'я Домрачава, якая стала мамай 1 кастрычніка і вярнулася ў вялікі спорт ужо ў студзені, натхніла і каманду, і балельшчыкаў.

У Халменколене ў праследаванні Дар'я толькі на апошнім агнявым рубяжы дапусціла тры промахі і страціла шанцы на п’едэстал - на фінішы яна дванаццатая, а ў масстарце беларуска і зусім восьмая. Такія вынікі дзвюх заключных гонак сезона. Як вынік - 24-е месца ў выніковым агульным заліку Кубка свету, і гэта пасля 13-ці асабістых гонак!

У агульным заліку Кубка свету з беларусак вышэй за ўсіх Надзея Скардзіна - 18-я. Бронзавы прызёр Гульняў у Сочы ў сезоне без узнагарод: дзесьці хвароба перашкодзіла выступіць лепш, стаўка ж рабілася на больш хуткую стральбу.

Ірына Крыўко выступіла лепш, чым спадзяваўся трэнерскі штаб, а вось з чацвёртым нумарам у жаночую эстафету пытанне застаецца адкрытым.

Як вынік - у жаночым заліку Кубка нацый беларускі дзявятыя. Гэта дазволіць і ў наступным сезоне на індывідуальныя і спрынтарскія гонкі выстаўляць па 5 спартсменак. Мужчынская зборная нашай краіны ў аналагічным табелі 14-я, што дае права адначасова ўдзельнічаць у старце чатыром беларусам.

У параўнанні з папярэднім сезонам у жанчын у гэтым рэйтынгу плюс 1 пазіцыя, мужчыны тут тры крокі зрабілі назад.

Дэталёваму разбору сезона будзе прысвечаны найбліжэйшы выканкам Федэрацыі біятлона Беларусі - ён запланаваны на красавік. Мы ж пакуль канстатуем: за 11 месяцаў да старту Алімпіяды ў Паўднёвай Карэі зразумела - сачыць за біятлоннымі баталіямі беларусам можна і трэба з надзеяй як мінімум на адзін медаль.