Біятлон нараджаецца тут. Адшукаць новых зорак дапамагае "Снежны снайпер"

11 февраля 2019

Люты ў Беларусі выдаўся насычаным на маштабныя спартыўныя падзеі. Яшчэ не ўлягліся эмоцыі мінулых выхадных, а наперадзе ўжо не менш відовішчныя і яркія спаборніцтвы. Раўбічы рыхтуюцца прыняць чэмпіянат Еўропы па біятлоне і этап Кубка свету па фрыстайле. І, вядома, тысячы балельшчыкаў збярэ тытулаваная "Гонка легенд". Лепшыя біятланісты з усяго свету збяруцца ў Беларусі, каб парадаваць гледачоў і аддаць належнае айчыннай школе падрыхтоўкі спартсменаў у гэтым відзе спорту. Зрэшты, усё пачынаецца з малога. Лепшых з лепшых у гэтыя выхадныя сабраў фінал "Снежнага снайпера". Адборачныя этапы ішлі па ўсёй краіне. У выніку самыя хуткія і трапныя (усяго 168 хлопчыкаў і дзяўчынак з розных рэгіёнаў, якія яшчэ нядаўна рассякалі па лыжні і толькі марылі аб вялікіх стартах) у Раўбічах на працягу двух дзён змагаліся за медалі рэспубліканскіх спаборніцтваў.І тут ужо было ўсё па-даросламу. Экіпіроўка, два агнявыя рубяжы і дзясяткі снежных віражоў дзеля моманту, калі перасякаеш фінішную рысу. І для шматлікіх ён становіцца лёсавызначальным. Менавіта тут загараюцца сапраўдныя зоркі біятлона. Дарэчы, гэтым разам ускладнілі задачу і для ўдзельнікаў традыцыйнай "Мінскай лыжні". Тут таксама прыйшлося пераадольваць агнявыя рубяжы. І гэта толькі ўзмацніла спаборніцкі дух і відовішчнасць спаборніцтваў. Не меней эмацыйна і дзейсна правялі гэтыя дні і нашы тэнісісткі. У Германіі зборная Беларусі выйшла ў паўфінал Кубка Федэрацыі. Вось ужо сапраўды спартыўныя выхадныя. Увесь гэты час на свежым паветры правялі і мае калегі - не толькі на рабочым пасту, але і літаральна на лыжах. Самыя яркія моманты - у рэпартажы Алены Гарэльчык.

Гэта кадры прэзентацыйнага відэароліка. Дзяўчынка, дбайна прыцэльваецца па мішэні і заўважае побач знакамітую біятланістку Надзею Скардзіну. Біятлон нараджаецца тут. А адшукаць новых зорак дапамагае ў тым ліку "Снежны снайпер". У галоўнай гераіні роліка пазнаём аднаго са старажылаў турніру Марыю Гнедчык.

У сям'і Гнедчык не прывыклі лічыць медалі і кубкі. Іх столькі многа, што ўсе ўзнагароды ледзь змяшчаюцца на двух вялізных сталах. Прычына простая - мама, тата і двое старэйшых дзяцей не займаюцца, а жывуць спортам. Іх прыклад гатовы пераймаць і самы маленькі - 6-гадовы Клім.

Нягледзячы на заняткі многімі відамі спорту, дзеці цалкам трапляюць пад жорсткі рэгламент спаборніцтваў - прафесійна біятлонам яны не займаюцца. Маша ў "Снайперы" ўжо пяць гадоў, яе брат сёлета толькі дэбютаваў.

2007-ы - год нараджэння "Снежнага снайпера". Першыя спаборніцтвы праходзілі ў іншым фармаце. Хлопчыкі і дзчўчынкі спаборнічалі ў лыжных гонках і кулявой стральбе. Фінал турніру праходзіў  на лыжаролернай трасе ў Вяснянцы і ў стралковым клубе ДТСААФ. Але тры гады таму "Снежны снайпер" перабраўся ў Раўбічы і атрымаў фармат паўнавартаснага біятлона.

168 школьнікаў - менавіта столькі хлопчыкаў і дзяўчынак сёлета дабраліся да фіналу. У мінулым  адбор спачатку ў школе, пасля на раёне і ў вобласці. Для параўнання: толькі ў раённых стартах прынялі ўдзел больш за 20 тысяч чалавек. Для фіналістаў фінал "Снежнага снайпера" пачаўся за тыдзень да гонак. Заехаўшы ў Раўбічы, юныя біятланісты  правялі паўнацэнны вучэбна-трэніровачны збор. Яшчэ да старту фіналу ўсе яго ўдзельнікі атрымалі ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба два камплекты формы - трэніровачную і гоначную.

Адметнасць сёлетняга "Снежнага снайпера" - спаборніцтвы аматарскія з чэмпіёнскім размахам. Тэст-драйв на турніры прайшлі дзве новыя перасовачныя тэлевізійныя станцыі. Спаборніцтвы здымалі 12 камер, два краны і вялізная колькасць дадатковага новага абсталявання. Прамая трансляцыя ўсіх гонак на YouTube-канале Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, у перапынках выязная студыя знаёміць балельшчыкаў з пераможцамі і прызёрамі. Дарэчы, пра балельшчыкаў. На працягу ўсіх двух дзён запоўненыя трыбуны і актыўная падтрымка. Такая, якая была чуваць нават далёка на трасе.

Прычым балельшчыкам знайшоўся занятак і ў перапынках паміж гонкамі. Бясплатныя атракцыёны: пабіцца падушкамі або стапудовую гіру падняць, тут жа побач можна было падсілкавацца і сагрэцца гарачай гарбатай.

Сёння "Снежны снайпер" - гэта дзве дысцыпліны: спрынт і змяшаная эстафета. Склад каманды на другую фарміраваўся зыходзячы з вынікаў першай. Дыстанцыя залежыла ад узросту. У турніры прымаюць удзел дзеці ад 11 да 16 гадоў. Самыя маленькія беглі 1 кіламетр 800 метраў, старэйшыя - 2 400, самыя дарослыя - тры кіламетры. Дададзім сюды два агнявыя рубяжы - страляць прыходзілася лежучы, прычым вінтоўкі чакалі снайпераў на месцы. А вось за кожны промах - штрафны 50-метровы круг.

Юрый Сачыўка - трэнер падлеткаў з Гомельскай вобласці - прызнаецца, голас сарваў яшчэ падчас спрынту. Але працаваць па-іншаму не можа, гэта ж дзеці, і яны ў яго самыя лепшыя. Вучні трэнера не падвялі. Гэтая каманда выйграла серабро эстафеты ў старэйшай узроставай групе. І яшчэ адзін паказальны момант цяперашняга "Снежнага снайпера": многія яго ўдзельнікі-фіналісты родам з глыбінкі.

Цырымонія ўзнагароджання. Уладзімір Навіцкі вымаўляе знаёмае ў біятлонных колах прозвішча. На вышэйшую прыступку п'едэстала пашаны паднімаецца Анастасія Папова - дачка знакамітага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Папова. У Раўбічах сёлета Насця выйграе два залатыя медалі, як і яе сяброўка па камандзе Марыя Гнедчык.

Ільвіную долю ўзнагарод сёлета сабралі ўдзельнікі з Мінска. Сталічныя падлеткі паднімаліся на п'едэстал 12 разоў, 6 з іх - па золата, двойчы па серабро і чатыры разы па бронзу. Мінская вобласць - другая, у Гомельскай - ганаровая бронза агульнага заліку. Кубкі і падарункі - з рук чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар'і Домрачавай - ці не гэта лепшая матывацыя, тым больш што фіналісты і пасля ўзнагароджання яшчэ доўга не адпускалі каралеву біятлона. Сэлфі на памяць - і шчаслівыя твары разляцеліся па старонках нашых герояў у сацсетках.

І калі ў нядзелю Дар'я за снежнымі гонкамі толькі назірала, то ў суботу сама выйшла на старт. У складзе каманды Прэзідэнта Беларусі выйграла золата "Мінскай лыжні".

Традыцыйнае зімовае спаборніцтва сёлета прайшло ў новым фармаце біятлона, але па-ранейшаму аб'яднала тысячы аматараў лыжнага спорту. Гэта той самы ўнікальны выпадак, калі на адной лыжні поплеч могуць аказацца і міністр, і звычайны слесар з завода. Свята здаровага ладу жыцця адназначна адбылося: тысячы ўдзельнікаў, сотні гледачоў, яркі антураж.

Праз тыдзень снежныя снайперы зноў прыедуць у Раўбічы, каб пахварэць за сваіх куміраў у "Гонцы легенд". Сённяшнія пераможцы і прызёры атрымаюць прыярытэтнае права задаць свае пытанні і зрабіць сэлфі са знакамітымі біятланістамі. Не кожны снежны снайпер паехаў з Раўбіч з медалём: хоць і аматарскае, але гэта ўсё ж спаборніцтва. Але выйгралі, безумоўна, усе. Нават тыя, хто адсеяўся на самай першай школьнай стадыі адбору. Бо спаборніцтвы, падобныя "Снежнаму снайперу" або "Мінскай лыжні", развіваюць любоў да лыж  і спорту ў цэлым. А ці не гэта самае галоўнае.