Біятлон. Этап Кубка свету

8 января 2021

Пасля навагодняй паўзы ў нямецкім Аберхофе аднавіўся біятлонны сезон. Пяты этап Кубка свету адкрывалі спрынты.

А. Кручынкіна самая хуткая ў спрынце

І па выніках жаночай гонкі наша Алена Кручынкіна стала самай хуткай з усіх 104 удзельніц. Беларуска пераадолела дыстанцыю за 24 хвіліны і 18 секунд. Гэта на 1,3 секунды лепш, чым у пераможніцы спрынту нарвежкі Тырыль Экхаф. У выніковым пратаколе Алена восьмая.

Падняцца вышэй не дазволілі дзве асечкі на агнявых рубяжах. Лідар зборнай Дзінара Алімбекава таксама дапусціла два промахі і заняла 37-е месца. Ганна Сола фінішавала 26-й, а Ірына Кручынкіна 88-й.

Біятлон. Этап Кубка свету. Лепшы вынік Ялётнава ў кар'еры

У мужчын у аналагічнай дысцыпліне лепшы вынік у кар'еры паказаў Раман Ялётнаў. Дыстанцыю 10 кіламетраў ён пераадолеў дзясятым без промахаў! А яго партнёр па камандзе Сяргей Бачарнікаў паўтарыў сваё лепшае дасягненне - з адным недакладным выстралам ён 13-ты. Таксама ў гонку праследавання прабіліся Антон Смольскі (34 месца) і Максім Варабей (45-ты). А вось Дзмітрый Лазоўскі заўтра не выступіць, ён 70-ты.У суботу ў раскладзе этапа Кубка свету дзве гонкі праследавання. У 14:45 на дыстанцыю адправяцца дзяўчаты. Прамы эфір на "Беларусь 5". А ў 16:45 старт мужчынскага пасьюту. Трансляцыя таксама на спартыўным тэлеканале.