Бяспройгрышны тэнісны пачатак у Індыян-Уэлсе

9 марта 2018

Трыумфальнае вяртанне Вікторыі Азаранкі. Беларуска з перамогі стартуе на турніры катэгорыі "Прэм'ер" у Індыян-Уэлсе! Пасля працяглай паўзы - 8 месяцаў - спартсменка бярэ верх над брытанкай Хізер Уотсан. 6:4 - у першай партыі і 6:2 - у другой.

Па мясцовым часе сустрэча завяршылася амаль у дванаццаць ночы. Наступнай саперніцай Азаранкі стане амерыканка Слоан Сцівенс - 13-я ракетка сусветнага рэйтынгу. Вікторыя зараз 204-я. У асабістых супрацьстаяннях лік 3:0 на карысць беларускі, усе тры сустрэчы адбыліся на Australian Open - на хардзе. Дарэчы, такое ж пакрыццё і на кортах Індыян-Уэлса. Нагадаем, Азаранка двойчы выйгравала гэты турнір - у 2012 і 2016 гадах.

У другім крузе спаборніцтваў і Аляксандра Сасновіч. Першая ракетка Беларусі атрымала валявую перамогу над полькай Магдай Лінет. Саступіўшы ў першым сэце 5:7, яна выйграла другую і трэцюю партыі на тай-брэйках - 7:6, 7:6. За выхад у адну шаснаццатую фіналу Сасновіч паспрачаецца з Анет Кантавейт з Эстоніі. З ёй Аляксандра сустракалася пяць разоў - дзве перамогі і тры паражэнні. Ёсць шанец аднавіць раўнавагу. Нагадаем, раней у другі круг прабілася і Арына Сабаленка. Познім вечарам яна сустрэнецца са Святланай Кавалёвай з Расіі. Гэты матч тэлеканал "Беларусь 5" таксама пакажа ў прамым эфіры, пачатак у 22 гадзіны.