Станіслаў Ліпскі разбіраўся ў тонкасцях тэлемастацтва.
Не паспеў у Мінску скончыцца семінар арганізатараў, спонсараў і партнёраў чэмпіянату свету па хакеі, як у сталіцу прыехалі 40 прадстаўнікоў вядучых тэлевізійных кампаній планеты з Паўночнай Амерыкі і Еўропы, каб асабіста ўдакладніць усе нюансы арганізацыі ТБ-сігналу з Мінска.
Яўген Ворсін, старшыня Федэрацыі хакея Беларусі: Мы ўзгадняем усе пазіцыі па ўстаноўцы цэнтральных камер, камер зваротнай сувязі - увогуле, вельмі карпатлівая, але ў цэлым тэхнічная праца, якая ўзгадняецца з усімі тэлевяшчальнікамі свету.
Працуюць выключна вузкапрофільныя - хакейныя спецыялісты - з Канады, Швецыі, Фінляндыі, Чэхіі, Славакіі і Швейцарыі. Дарэчы, менавіта апошнія будуць адказваць за спадарожнікавую сувязь і тэлевізійны малюначак. А вось тэхнічным забеспячэннем зоймуцца італьянцы. Гэтыя людзі з года ў год абслугоўваюць чэмпіянаты свету. Праваўладальнікам жа трансляцыі будзе Белтэлерадыёкампанія.
Ёахім Херцэр, старшы менеджар па прадажах тэлевізійных правоў камерцыйнага партнёра міжнароднай Федэрацыі хакея: Правамі на трансляцыю будзеце валодаць вы - Белтэлерадыёкампанія, мы супрацоўнічаем з вамі больш як 20 гадоў і задаволеныя вынікамі сумеснай працы. У 2007 годзе было прынята рашэнне аб пераходзе на адзіны стандарт арганізацыі тэлевізійнай трансляцыі матчаў чэмпіянатаў: гэта значыць, гэта адны і тыя ж пазіцыі камер, адны і тыя ж людзі, якія за гэта адказваюць. Такое рашэнне дазволіла палепшыць якасць малюначка.
Асвятляць лядовыя баталіі ў наступным годзе на дзвюх арэнах будуць 20 камер, таксама ў кожнай арэне арганізуюць па дзве тэлестудыі.
Леташні чэмпіянат свету па хакеі ўбачылі жыхары 118 краін свету або больш за мільярд чалавек. Таму асаблівую ўвагу прадстаўнікі сусветных тэлевізійных кампаній надалі каментатарскім пазіцыям. Дарэчы, вось так яна будзе выглядаць на Мінск-Арэне, іх будзе 50. Як бачыце, нічога асаблівага, і гэта цалкам задавальняе тэлевізіёншчыкаў - галоўнае, каб від быў добры.
Піэй Гульё адразу ж вылучаецца з групы іншаземцаў. Вадзіцель аўтобуса, на якім возяць гасцей па Мінску, падарыў яму кепку з лагатыпам сталічнага хакейнага Дынама. Зараз, акрамя пытання выбару каментатарскай пазіцыі для свайго канала, Піэй думае, што падарыць беларусу ў адказ. На шведскім тэлебачанні працуе больш чым 30 гадоў, у яго паслужным спісе 27 чэмпіянатаў свету.
Піэй Гульё, прадстаўнік шведскага тэлеканала ТВ-4: Мінск-Арэна - адзін з лепшых будынкаў, якія я бачыў у сваім жыцці. Упэўнены, тут камфортна не толькі балельшчыкам, але і прадстаўнікам прэсы. Нам прапанавалі два варыянты размяшчэння нашых каментатараў - непасрэдна на трыбуне або ў стацыянарных боксах, нават дзе лепш.
Адкрытым у прадстаўнікоў ІІХФ застаецца пытанне па тэмпах будаўніцтва Чыжоўка-Арэны. Аднак у станоўчым зыходзе рашэння ўсіх пытанняў ніхто не сумняваецца.














