Беларусы зноў набліжаюцца да сусветнай тэніснай эліты

6 февраля 2017

Наша мужчынская зборная абгуляла каманду Румыніі ў дамашнім матчы першага круга серыі Кубка Дэвіса. Такім чынам беларусы змаглі ўзяць рэванш. 12 гадоў таму менавіта зборная Румыніі выбіла нашых тэнісістаў з сусветнай групы. Сваё важкае слова на корце сказалі маладыя гульцы. Героем матчавай сустрэчы стаў 24-гадовы Ягор Герасімаў. Ён прынёс камандзе два ачкі з трох. Аб перспектыўных планах нашых тэнісістаў даведалася Алена Гарэльчык.

Тры гульнявыя дні, пяць паядынкаў, 12 гадзін і 18 хвілін барацьбы на корце. І перамога, якую чакалі ўсе.

Яго не раз назавуць героем, а ён дазволіць сабе расслабіцца і ўсміхнуцца толькі на пасляматчавай прэс-канферэнцыі. Ягор Герасімаў у матчы ў румынамі прынёс зборнай Беларусі два ачкі. У першы дзень абгуляў іх першую ракетку Марыуша Капіла - тэнісіста, які стаіць на мяжы першай сотні сусветнага рэйтынгу. Для параўнання: Герасімаў толькі 342-і. Яму ўсяго 24, нарадзіўся і трэніраваўся ў Мінску. У матчах Кубка Дэвіса дэбютаваў чатыры гады таму.

Уладзімір Валчкоў не проста сабраў каманду з чатырох чалавек. Капітану зараз ёсць з каго выбіраць: у зборнай добрая лава запасных - падрасло новае пакаленне гульцоў. Самы дасведчаны і тытулаваны - Максім Мірны, яго парады бясцэнныя. Летась у каманду ўліўся Яраслаў Шыла. Разам яны абгулялі сярэбранага прызёра Алімпіяды Хорыя Тэкау і Марыуша Капіла.

Ілья Івашка да матча ў Мінску ў Кубку Дэвіса не прайграваў ні разу. А згуляў ён нямала - пяць паядынкаў. У сустрэчы з румынамі не атрымалася. Івашка двойчы прайграў. І пусціў слязу. Гэта таксама паказальны момант - самааддача была на мяжы фантастыкі.

Зразумець засмучэнне першага нумара нашай зборнай можна. Але саступіўшы сёння, з'явіцца добрая спартыўная злосць, а наперадзе гульня з аўстрыйцамі. У выпадку перамогі наша каманда будзе змагацца ўжо ў плэй-офф сусветнай групы, а там толькі лепшыя з лепшых.

Кубак Дэвіса або неафіцыйны камандны чэмпіянат свету. 16 наймацнейшых зборных гуляюць у сусветнай групе. 12 гадоў таму зборная Беларусі не без дапамогі каманды Румыніі пакінула эліту. Другі па рангу дывізіён - гэта першая група, якая ўключае ў сябе тры геаграфічныя зоны - Амерыку, Азію-Акіянію і Еўра-Афрыку. Пасля ідуць група другая, трэцяя і чацвёртая.

Калісьці тэнісную Беларусь на самы верх цягнулі двое - Мірны і Валчкоў. Сёння адзін з іх прызнаецца: з цяперашнім складам той шлях можна прайсці хутчэй. Патэнцыял большы.

Матчам Кубка Дэвіса тэніснае свята ў Мінску не заканчваецца. Ужо на гэтых выхадных на "Чыжоўка-Арэне" пройдзе матч сусветнай групы Кубка Федэрацыі, у якім сустрэнуцца каманды Беларусі і Нідэрландаў.