40-е сусветнае першынство сярод вайскоўцаў стартавала ў Расіі. Разам са зборнай Узброеных Сіл Беларусі сваё майстэрства ў падмаскоўнай Кубінцы пакажуць 350 спартсменаў з 38 краін. Гэта выдатная магчымасць пераняць вопыт і наладзіць супрацоўніцтва паміж ваеннымі ведамствамі.
Уладзіслаў Сцепанюк, намеснік камандуючага сіламі спецаперацый па паветрана-дэсантнай падрыхтоўцы УС Беларусі: "Мы пастараемся паказаць усе свае лепшыя бакі. У цэлым мы гатовыя на 99%. Нам можа нашкодзіць толькі надвор'е".
Барацьба разгортваецца ў практыкаваннях па паветранай акрабатыцы і дакладнасці прызямлення. Спартсменам трэба валодаць літаральна снайперскай падрыхтоўкай - бо радыус цэлі, да якой трэба дакрануцца нагой, усяго 2 сантыметры. Спаборніцтвы ў акрабатыцы пройдуць у індывідуальным і групавым заліку. Імёны пераможцаў аб'явяць у наступны чацвер.













