Беларусы вітаюць "Полымя міру". Агонь пранеслі па старажытным Полацку і маладым Наваполацку

25 мая 2019

Зусім хутка будзем хварэць за нашых спартсменаў ужо на беларускай зямлі. Другія Еўрапейскія гульні абяцаюць быць яркімі і відовішчнымі, а пакуль беларусы вітаюць "Полымя міру". Сёння агонь пранеслі па старажытным Полацку і маладым Наваполацку. Сведкамі маляўнічага дзеяння сталі сотні чалавек. Гістарычныя кадры - у рэпартажы Марыны Раманоўскай.

"Полымя міру" на плошчы Францыска Скарыны сустракаюць апладысментамі. Агонь праносіць спецыяльная група захавальнікаў. Факел падпальваюць ад нязгаснай лампады. Так маляўніча пачынаецца эстафета па старажытным Полацку.

Вадзім Дзевятоўскі, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі: "Гэта вельмі важна, каб кожны жыхар краіны змог дакрануцца да святога. Агонь сімвалізуе вельмі шмат для спартсмена, для спорту ў цэлым. І сёння столькі людзей, такі ажыятаж. І гэта вельмі важна, каб агонь прайшоў па ўсёй краіне. Каб зарадзіліся духам нашых Еўрапейскіх гульняў".

Геаграфічны цэнтр Еўропы - упадабанае месца турыстаў.
І  сёння тут перадаюць агонь II Еўрапейскіх гульняў. У ліку факеланосцаў -  знакамітыя спартсмены, урачы, працаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, педагогі. Выкладчык фізкультуры Мікалай Марчанка выхоўвае сілу духу ў навучэнцаў Полацкага ляснога каледжа. А сёння дэманструе сваю цягавітасць перад шматлікай публікай.

На плошчы Свабоды факеланосцаў сустракаюць флэшмобам.
Свята працягваецца ва ўнутраным панадворку ПДУ. Дарэчы, на днях ВНУ адзначыла дзень універсітэта. "Полымя міру", гавораць студэнты, стала адным з самых яркіх падарункаў.

Сэлфі з гэтым студэнтам ёсць, бадай, у кожнага турыста. Помнік усталяваны на тэрыторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Паводле задумкі, у аснове маршруту - турыстычная карта. 

Эстафета праходзіць па самых знакавых месцах старажытнага горада.
Заключным пунктам у маршруце па старажытным горадзе стаў памятны знак "Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці", усталяваны на пляцоўцы ля Сафійскага сабора. Сюды галоўны сімвал II Еўрапейскіх гульняў даставілі на драўляным дракары па Заходняй Дзвіне. У суправаджэнні - на байдарках - выхаванцы Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту.

У Наваполацку "Полымя міру" сустракаў "Нафтан". Урачыстая цырымонія запальвання факела прайшла ля будынка заводакіраўніцтва. Пасля эстафета агню прайшла па тэрыторыі нафтаперапрацоўчага прадпрыемства.

Ужо заўтра "Полымя міру" сустрэнуць у Браславе.
Факеланосцы пабываюць у самых маляўнічых месцах курортнага горада.