Беларусы папоўнілі медальную скарбонку на этапе Кубка свету па веславанні на байдарках і каноэ

16 мая 2021

Тры медалі да гэтай хвіліны заваявалі беларускія спартсмены ў другі дзень этапа Кубка свету па веславанні на байдарках і каноэ, які сёння завяршаецца ў венгерскім Сегедзе. Серабро ў заездзе каноэ-адзіночак на 500 метраў выйграў Максім Пятроў. Медаль аналагічнай годнасці і на такой жа па працягласці дыстанцыі дастаўся нашай жаночай байдарцы-чацвёрцы ў складзе Іны Саўчук, Надзеі Папок, Вольгі Худэнкі і Марыны Літвінчук. Нарэшце, квартэт Аляксея Мішчанкі, Уладзіслава Літвінава, Мікіты Борыкава і Дзмітрыя Натынчыкава стаў бронзавым прызёрам у заездзе мужчынскай байдаркі-чацвёркі. У гэтыя хвіліны спаборніцтвы працягваюцца. Мы маем права разлічваць яшчэ на дзве ўзнагароды. Алег Юрэня і Вольга Клімава пазмагаюцца за медалі на дыстанцыі 5 тысяч метраў у заездах байдарак-адзіночак.