Беларускі баскетбол супраць зорак НБА

29 мая 2015

Гучнай афішай гэтымі днямі прывабліваюць і аматараў спорту. Беларускі баскетбол супраць зорак НБА. Напярэдадні ў Мінск прыляцела дэлегацыя са Злучаных Штатаў, у складзе якой ёсць былыя гульцы наймацнейшай баскетбольнай лігі свету. Каманды пазмагаюцца спачатку ў Мінску, а затым у Магілёве. Пакуль жа ў заакіянскіх гасцей насычаная экскурсійная праграма. Чым здзівіла беларуская сталіца, ведае Павел Капуцкі.

Такіх яркіх баскетбольных зорак у Мінску яшчэ не было. Джэром Уільямс правёў у НБА дзевяць сезонаў. Гуляў за Дэтройт, Таронта, Чыкага і Нью-Ёрк.

Дзесяць гадоў таму амерыканскі гігант ростам 2 метры 6 сантыметраў завяршыў кар'еру. Зараз ён у Беларусі і рыхтуецца згуляць з беларусамі.

Джэром Уільямс, экс-гулец Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі: "НБА становіцца ўсё больш глабальнай, інтэрнацыянальнай лігай. Там выступаюць гульцы з больш як 40 краін. Беларусі, праўда, пакуль няма, але я думаю, што вы таксама хутка будзеце ў гэтым спісе".

Першы пункт праграмы - ускладанне кветак да манумента на плошчы Перамогі. У амерыканскай дэлегацыі не толькі людзі баскетбольныя. Сцівен Пірс - член кангрэса ЗША. У знак сяброўства народаў нават купіў на радзіме такі вось амерыкана-беларускі значок.

Сцівен Пірс, член кангрэса ЗША: "Нашай асноўнай мэтай было ўскласці кветкі да мемарыяла Перамогі ўсім тым воінам, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны, якія плячо ў плячо ваявалі і з амерыканскімі вайскоўцамі. Такім чынам мы хочам ушанаваць памяць і ўскладаем гэтыя кветкі ад амерыканскага народа".

З плошчы Перамогі амерыканская дэлегацыя адправілася на "Мінск-Арэну". Паядынак, які запланаваны на суботу, пройдзе не тут, а ў Палацы спорту. Галоўная спартыўная пляцоўка краіны чакае падзей больш буйных. Беларусь, нагадаем, плануе займець жаночы чэмпіянат Еўропы як раз па баскетболе.

Вы сапраўды справіцеся, гавораць і спартсмены, і функцыянеры. "Мінск-Арэна" - своеасаблівая гарантыя, сімвал таго, што Беларусь гатова прымаць самыя буйныя чэмпіянаты ў розных відах спорту.

Біл Алексан, заснавальнік кампаніі Sports International: "Гэта выдатная ідэя, таму што Мінск - выдатны горад. Я яго вельмі люблю, я ўпэўнены, што калі вы будзеце праводзіць нейкае мерапрыемства, то ўсё будзе на вышэйшым узроўні".

22 гадзіны 12 хвілін. Брус Крэвер - рэкардсмен свету па працягласці жангліравання баскетбольным мячом. А яшчэ ён трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса, як чалавек, які жангліруе найбольшай колькасцю мячоў адначасова. Яго выступленне можна ўбачыць падчас матча беларусаў супраць зорак НБА. За нашу каманду згуляюць лепшыя людзі нацыянальнага чэмпіянату.

Ягор Мешчаракоў, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі баскетбола: "Шмат вопытных гульцоў будзе. І вы ведаеце, нікога не трэба матываваць гуляць супраць амерыканцаў. Усім цікава памерацца сіламі. Той жа Джэром Уільямс. Паглядзім, у якой ён форме, які баскетбол пакажа".

Такім чынам, субота, 19 гадзін, Мінск, Палац спорту. Панядзелак, 18 гадзін, Магілёў, спарткомплекс "Алімпіец". Уваход вольны.