Тры індывідуальныя залатыя ўзнагароды і другое агульнакаманднае месца - гэта вынік чэмпіянату Еўропы, што прайшоў у Грэцыі. Удалым стала лета і для юніёраў. Ці тое яшчэ будзе! Не менш амбіцыйныя планы на сусветнае першынство.
Расказвае Віялета Сакаловіч. Нечакана, але прадказальна. Так можна назваць выступленне юніёраў у Швецыі. Аляксандр Ісаеў, Ілья Лабковіч і Сцяпан Шпак не пакінулі шанцаў канкурэнтам. Як вынік - першае агульнакаманднае месца. У гісторыі вадналыжнага спорту суверэннай Беларусі ніколі моладзь так добра не выступала.
Магчыма, невялікі асадак застаўся пасля выступлення юных вадналыжнікаў у Францыі. Для некаторых хлопцаў гэта былі першыя міжнародныя спаборніцтвы. І як бы чыста не выступілі нашы спартсмены, суддзі па-свойму ацанілі выступленне беларускай каманды. Што гэта было: наўмыснае прыніжэнне вынікаў або прынцыповая пазіцыя? Адказаць складана. Але як факт каманда заняла 4 месца.
Ці варта гаварыць пра інтрыгі, калі беларусам у гэтым відзе спорту даўно ўжо няма роўных. За сезон 16 залатых, агульная лічба за год - 53 медалі. А наперадзе яшчэ чэмпіянат свету.
Віктар Наважылаў, галоўны трэнер нацыянальны зборнай Беларусі па вадналыжным спорце, заслужаны трэнер СССР: Мы кожны год павышаем гэтыя вынікі. Шэсць рэкордаў свету належаць Беларусі. Мала таго, мы выйгралі чэмпіянат свету і чэмпіянат Еўропы ў амерыканцаў. А яны заканадаўцы мод. Яны 80 гадоў не ведалі паражэння. Гэта нацыянальны гонар.
Дзіўна, але тут спрацоўваюць выключна матэматычныя прыёмы. Мінус на плюс дае вялікі плюс. Адсутнасць умоў, але чалавечы патэнцыял - у выніку выдатны вынік.
Сезон-2013 для нашых водных лыжнікаў скончыцца ў лістападзе - снежні ў Чылі на чэмпіянаце свету. І калі еўрапейскае турнэ выклікала гром апладысментаў, то лацінаамерыканскі тур павінен яшчэ раз пацвердзіць, што беларусы тут наперадзе планеты ўсёй.














