Беларускія тэнісісты ўступілі ў фінальную фазу падрыхтоўкі да сустрэч Кубка Дэвіса

4 апреля 2017

Ужо ў гэтую пятніцу наша каманда пачне барацьбу супраць Аўстрыі. Дарэчы, нашы сапернікі выйдуць на корт без свайго лепшага тэнісіста. Пераможцы другога круга першай Еўра-афрыканскай зоны прадоўжаць барацьбу ў верасні. У беларусаў у актыве баявы настрой пасля поспеху з румынамі, поўны склад каманды і, вядома, дамашнія корты. Паядынкі пройдуць у сталічным Палацы тэніса, уваход свабодны. Аб перадматчавым раскладзе раскажа Андрэй Казлоў.

Сёлета 5 лютага зборная Беларусі ў драматычнай серыі перамагае каманду Румыніі і становіцца яшчэ на адзін крок бліжэй да Сусветнай групы Кубка Дэвіса. Адным з герояў таго супрацьстаяння стаў Ягор Герасімаў, які дабіўся вікторыі ў вырашальным матчы.

Праз два месяцы ён ужо працуе ў складзе зборнай Беларусі на кортах Палаца тэніса, які зноў прыме матчы Кубка Дэвіса. Што цікава: тыднем раней Ягор абгуляў на турніры ў Сен-Брые Геральца Мельцэра, першага нумара аўстрыйцаў. Менавіта з гэтай зборнай у беларусаў будуць гульні ў рамках другога круга першай групы Еўра-афрыканскай зоны.

Уладзімір Валчкоў, капітан зборнай Беларусі па тэнісе: "У нас камандны рэйтынг крыху вышэйшы. Гэта абумоўлена тым, што ў апошніх матчах не ўдзельнічаў лідар каманды Аўстрыі. І калі скласці камбінаваны рэйтынг, то ў іх 300, у нас 600. У камандных спаборніцтвах самае важнае - гэта матывацыя, жаданне перамогі і гатоўнасць зрабіць для гэтага ўсё, таму што гэта той фармат, які дазваляе рэалізаваць усе байцоўскія і чалавечыя якасці".

У Мінск не прыехаў самы тытулаваны з аўстрыйскіх тэнісістаў на сёння - Дамінік Цім, 9-я ракетка свету. У капітана каманды Стэфана Коўбека такі ўчынак лідара выклікаў здзіўленне.

Стэфан Коўбек, капітан зборнай Аўстрыі па тэнісе: "Спытайцеся лепш у трэнера Дамініка, чаму яго няма ў складзе каманды. Гулец быў гатовы прыехаць у размяшчэнне зборнай, але пасля кансультацыі з трэнерам пачаў рыхтавацца да грунтавога сезона Сусветнага тура ў Аўстрыі".

І калі ў аўстрыйцаў ёсць у сувязі з гэтым відавочныя праблемы, то зборная Беларусі трэніруецца ў баявым складзе, у тым ліку і шматгадовы лідар Максім Мірны. У яго актыве больш чым 50 матчаў у нацыянальнай камандзе.

У чацвер адбудзецца жараб'ёўка. У пятніцу ў 10:45 адкрыццё, пасля якога Беларусь і Аўстрыя згуляюць два паядынкі ў адзіночным разрадзе. У суботу, 8 красавіка, парны матч. І, нарэшце, у нядзелю, 9 красавіка, зноў дзве адзіночныя гульні.

Сустрэчы паміж беларускімі і аўстрыйскімі тэнісістамі пройдуць на кортах Палаца тэніса. Каб убачыць ужывую гульню легенды тэніса Максіма Мірнага, дастаткова толькі жадання - уваход на корты свабодны. Але з-за ажыятажу раім прыходзіць загадзя.