Беларускія спартсмены працягваюць прыбываць у Рыа-дэ-Жанэйра

6 августа 2016

Апошнія ўдзельнікі спаборніцтваў з Беларусі прызямляцца ў Паўднёвай Амерыцы 18 жніўня. І мы жадаем поспехаў усім нашым спартсменам. Сёння ў нацыянальным аэрапорце праводзілі весляроў, атлетаў і скакуноў на батуце.

У галоўнай паветранай гавані працуе наш карэспандэнт Андрэй Казлоў. Так, сёння ў сталіцу летніх Алімпійскіх гульняў адправіліся спартсмены з каманды па веславанні на байдарках і каноэ, цяжкай атлетыцы, лёгкай атлетыцы, скачках на батуце. Гэта менавіта тыя віды алімпійскай праграмы, дзе мы можам разлічваць на медалі. Вось толькі ці адчуваецца груз адказнасці ў такой сітуацыі ў нашых спартстменаў?

Каб даведацца, які ў іх настрой, мы сёння пабывалі ў алімпійскім спартыўным комплексе "Стайкі", адкуль яны і адпраўляліся ў аэрапорт. Згадзіцеся, назва сімвалічная, тым больш што тут рыхтаваліся да сваіх галоўных стартаў у кар'еры шматлікія нашы знакамітыя спартсмены.

У Рыа адправіліся і дзяўчаты з каманды па веславанні на байдарках і каноэ. Ім прыйдзецца змагацца і за сябе, і, як гэта гаворыцца, за таго хлопца. Усе мы памятаем, што без змястоўнага тлумачэння прычын адхілілі нашу мужчынскую зборную, дзе кожны патэнцыяльны медаліст. Яны толькі пад'язджаюць. Мы ж сёння пагутарылі з прадстаўнікамі каманд скачкоў на батуце, лёгкай і цяжкай атлетыкі.

Таксама ў Бразілію сёння адправілася адзіная прадстаўніца зборнай па сучасным пяцібор'і Анастасія Пракапенка. На Гульні ў Рыа гэта дзяўчына ставіць калі не ўсё, то амаль усё. Для яе гэта трэцяя Алімпіяда, вопыту не займаць, і да п'едэстала заўсёды не хапала зусім нямнога.

Хачу нагадаць усім аматарам нашага спорту, што ўжо сёння нас чакае першы матч жаночай каманды Беларусі па баскетболе на алімпійскім турніры. Ён асабліва будзе цікавы тым, хто аддае перавагу непрадказальнаму спорту. Бо дзяўчаты, а тым больш у спорце, часам непрадказальныя. Прамая трансляцыя на "Беларусь 5" супраць каманды Японіі даволі позна - у 1:40. Але трылер вам будзе забяспечаны.