Беларускія спартсменкі ў веславанні на байдарках і каноэ заваявалі залаты і два сярэбраныя медалі

27 июня 2019

Ёсць віды спорту, у якіх заваяваны беларусамі медаль успрымаецца як сенсацыя, як падарунак лёсу. А ёсць веславанне на байдарках і каноэ, якая за 15 гадоў прызвычаіла да таго, што ўзнагароды ў беларусаў - велічыня пастаянная.

Сёння на вяслярным канале ў Заслаўі разыгрываецца 11 камплектаў медалёў. З раніцы ўжо адбыліся чатыры цырымоніі ўзнагароджання. І ў нас ёсць медалі - у тым ліку і золата!

Зараз мы перадаём слова нашаму карэспандэнту Крысціне Камыш (прамое ўключэнне).

Мала таго, што яны трыумфатары, дык яны яшчэ і байцы. Тое, што ў Беларусі памянялася надвор'е, не было на руку веслярам. Добра, што пакуль няма дажджу, і тут паспелі правесці 4 заезды. Але ўмовы надвор’я складаныя. Моцны бакавы вецер. Асабліва на першай, другой і трэцяй дарожках. Гэта тыя, што далей ад трыбун. Таму спартсмены змагаюцца са стыхіяй. І радуе, што нашы робяць гэта паспяхова!

Першай на старт сёння выйшла Вольга Худэнка. Напярэдадні яна паднімалася на вышэйшую прыступку п'едэстала. Байдарка-адзіночка 500 метраў. Гэтую дыстанцыю Вольга любіць. На ёй Худэнка два гады назад станавілася чэмпіёнкай свету. Сёння дома на ІІ Еўрапейскіх гульнях яна зноў першая. З залатым медалём Вольгу Худэнка павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Дайнэка, Ліцвінаў, Місючэнка і Натынчык прадставілі Беларусь у заездзе байдаркі-чацвёркі на 500 метраў. Хлопцы ў выніковым пратаколе шостыя.

Вольга Клімава і Надзея Макарчанка выйшлі на дыстанцыю каноэ-двойкі 500 метраў. Наш малады тандэм фінішаваў другім.

Ну а затым быў той самы заезд, якога ўсе вельмі чакалі. Наша жаночая байдарка-чацвёрка. Тыя самыя дзяўчыны, якія бралі бронзу Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра. Вольга Худэнка, Марына Літвінчук, Надзея Папок, Маргарыта Махнева. У іх другое месца!

Зараз да дзвюх гадзін на вяслярным канале ў Заслаўі паўза. А пасля адбудзецца яшчэ 7 заездаў. Усюды выступяць беларусы. І ўсюды нашы прэтэндуюць на медалі. Трансляцыю будзе весці тэлеканал "Беларусь 5". Мы ж сочым за развіццём падзей. Чакаем перамог беларусаў!