Беларускія паралімпійцы працягваюць прымаць віншаванні з вышэйшымі ўзнагародамі Рыа

14 сентября 2016

Пачнём з прыемнага. Беларускія паралімпійцы працягваюць прымаць віншаванні з вышэйшымі ўзнагародамі Рыа. Іх яшчэ дзве. Паралімпійскія чэмпіёны - Уладзімір Ізотаў і Андрэй Праневіч. У тым ліку і іх намаганнямі зараз у бразільскай скарбонцы нашай каманды 5 залатых і 2 бронзавыя ўзнагароды. Такім чынам, Беларусь паднялася на 13-ы радок медальнага заліку.

Такім чынам, мінулай ноччу наш плывец Уладзімір Ізотаў выйграў фінальны заплыў на дыстанцыі 100 метраў брасам, усталяваўшы пры гэтым новы паралімпійскі рэкорд і пабіўшы сваё ж дасягненне Лондана чатырохгадовай даўнасці.

Прэзідэнт Беларусі, кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Уладзіміра Ізотава з залатым медалём.

"Ад усёй душы віншую цябе з заваяваннем высокага звання паралімпійскага чэмпіёна. Да бронзы Пекіна і серабра Лондана ты, нарэшце, здабыў золата Рыа-дэ-Жанэйра, пацвердзіўшы сваё высокае спартыўнае майстэрства. Твае дасягненні на міжнароднай спартыўнай арэне служаць выдатным прыкладам для ўсіх тых, хто займаецца плаваннем, і ўмацоўвае іх упэўненасць у сваіх сілах", - гаворыцца ў віншаванні.

І яшчэ адна беларуская перамога ў Бразіліі. Гэтай жа ноччу медаль вышэйшай пробы заваяваў Андрэй Праневіч у спаборніцтве шпажыстаў у катэгорыі В.

У напружаным фінальным паядынку беларус зламаў Амара Алі з Ірака. Ні аднаму з сапернікаў на працягу ўсёй сустрэчы не удавалася адарвацца больш як на тры балы. Але канцоўка залатога паядынку засталася за беларусам.

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Андрэя Праневіча з перамогай: "Здабыўшы першую ў гісторыі Беларусі залатую ўзнагароду па фехтаванні на інвалідных калясках, ты яшчэ раз прадэманстраваў усяму свету, што наша Радзіма багатая спартыўнымі талентамі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Твая перамога, здабытая ва ўпартым супрацьстаянні з наймацнейшымі паралімпійцамі планеты, умацоўвае спартыўную славу Беларусі".

Як ніхто перажывалі за спартсменаў іх сям'і і сябры. Сёння ўвесь дзень родныя прымаюць віншаванні і чакаюць вяртання чэмпіёнаў дадому. З галоўнымі балельшчыкамі сустрэлася Вольга Маслоўская.

У мінулым восем гадоў штодзённых трэніровак. Надзея, роспач, перамога над сабою і вера ў свае бязмежныя магчымасці. Калі палачанін Андрэй Праневіч упершыню ўзяў у рукі шпагу, наўрад ці думаў пра алімпійскі п'едэстал. Было адно жаданне - забыць пра хваробу і пачаць жыць.

На рахунку спартсмена золата чэмпіянату Еўропы 2014 года, бронза на сусветным першынстве ў 2015. У Паралімпіядзе Праневіч удзельнічаў упершыню. Бацькам абяцаў вярнуцца з Рыа з медалём.

Перажывалі за спартсмена і сябры па шпазе. Дарэчы, менавіта полацкія атлеты складаюць касцяк нацыянальнай зборнай па фехтаванні на калясках. І ўсе яны выхаванцы аднаго трэнера - Сямёна Сушчына.

Трэніравацца сюды прыязджаюць нават з-за мяжы. Гэта адзін з лепшых цэнтраў падрыхтоўкі шпажыстаў-калясачнікаў у Беларусі.

Спецыялізаваная зала для фехтавання на калясках у Полацку адкрылася тры гады таму. Тут што ні трэнажор, то ноу-хау. Гэту мішэнь для адпрацоўкі ўколаў сканструяваў трэнер. Спартсмены ласкава называюць трэнажор Федзем і нязменна атрымліваюць над ім перамогу.

На сцяне ў трэніровачнай зале - россып медалёў, заваяваных полацкімі шпажыстамі. Зараз ёсць і золата Паралімпіяды.

Для двухгадовай дачкі зараз ужо чэмпіёна Паралімпійскіх гульняў у Рыа Уладзіміра Ізотава гэта, хутчэй, цацкі. Але блізкія ведаюць, якой цаной атлету дастаюцца перамогі.

У басейн будучы спартсмен прыйшоў за кампанію з мамай, каб навучыцца плаваць, а ў 12 гадоў вырашыў сур'ёзна прысвяціць сябе спорту.

Мама - Людміла Ізотава, у мінулым прафесійная спартсменка - прызнаецца, што спецыяльна не глядзела выступленне сына.

Баялася, што яе перажыванні перашкодзяць Уладзіміру на дыстанцыі. А вось жонка Юлія і сястра Алеся сачылі за заплывам атлета ў прамым эфіры.

Залаты дубль Праневіча і Ізотава дазволіў падняцца беларускай камандзе на 13-ы радок у медальным заліку. На рахунку нашых паралімпійцаў 7 узнагарод - 5 залатых і 2 бронзавыя. А яшчэ павага і прызнанне мільёнаў балельшчыкаў па ўсім свеце.