Беларускія паралімпійцы адпраўляюцца ў Бразілію

31 августа 2016

У Бразілію па медалі. Услед за Алімпіядай Рыа прыме Паралімпіяду. Наша зборная сёння вылятае ў Бразілію. Спаборніцтвы пачнуцца 7-га, а завершацца 18-га верасня.

У складзе нашай асноўнай групы 19 атлетаў. Гэта ўсе, акрамя Людмілы Волчак. Яна адправіцца ў Паўднёвую Амерыку крыху пазней, каб пазбегнуць цяжкасцяў акліматызацыі. У камандзе і пяціразовы чэмпіён Лондана - плывец Ігар Бокі. Паралімпійцы разыграюць больш за 500 камплектаў узнагарод у 22 відах спорту. Упершыню пройдуць спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ і трыятлоне.

Ігар Малчанаў, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту: "Каштоўнасць паралімпійскіх медалёў сёння, згадзіцеся, часам нават бывае і большай, чым каштоўнасць медалёў сярод нармальных спартсменаў. Таму што гэтыя людзі ўжо героі. Яны сёння выступаюць, нягледзячы на ўсе праблемы са здароўем, праблемы псіхалогіі… Каманда гатовая. Я ў іх упэўнены і жадаю ім годнага выступлення".

Белтэлерадыёкампанія з'яўляецца ўладальнікам эксклюзіўных правоў на трансляцыю летніх Паралімпійскіх гульняў. Пачынаючы з 9 верасня, двойчы на дзень на "Беларусь 5" будуць выходзіць гадзінныя агляды. Таксама гледачы змогуць убачыць цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў.