Беларускія алімпійцы вянуліся на Радзіму

24 февраля 2014
Борт №1 прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Алімпіяда ў Сочы стала для Беларусі лепшай за ўсю суверэнную гісторыю: 6 узнагарод - 5 залатых і адна бронзавая. Такім чынам, Беларусь заняла 8-е агульнакаманднае месца на 22-х Алімпійскіх гульнях у Сочы.

І зараз на сувязі са студыяй наш карэспандэнт Сяргей Гусачэнка, ён сярод іншых сустракае алімпійцаў.

Некалькі хвілін таму самалёт з алімпійцамі прызямліўся тут, у Нацыянальным аэрапорце Мінск. Нагадаю, каманда прыляцела на родную зямлю спецрэйсам. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка аддаў распараджэнне адправіць прэзідэнцкі борт, каб забраць беларускую каманду. Так што ўпершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі на такім высокім узроўні спартсменаў суправаджаюць на Радзіму.

Зараз у рэжыме анлайн вы можаце назіраць за тым, як самалёт набліжаецца да ўрадавага корпуса. Падстава, вядома, больш чым важкая. Гэтыя некалькі лютаўскіх тыдняў падарылі нам незабыўныя ўражанні і лепшае выступленне ў гісторыі нацыянальнага алімпійскага руху. Аб Беларусі і беларускіх спартсменах без перабольшання даведаліся ва ўсім свеце. Першыя палосы вядучых спартыўных і не толькі выданняў стракацелі гучнымі загалоўкамі і фатаграфіямі нашых алімпійцаў. Журналісты задаваліся пытаннем: як нашай краіне ўдалося здзейсніць такі прарыў у зімовых відах спорту. Бо ўсяго чатыры гады таму Беларусь заваявала першае алімпійскае золата - у Ванкуверы гэта ўдалося Аляксею Грышыну.

Сочынскія старты прымножылі залатую скарбонку адразу ў пяць разоў. І ў медальным заліку наша краіна апынулася ў першым дзясятку сярод амаль сотні краін. Відавочны поспех у цэлым спартыўнай галіны, якую на працягу шматлікіх гадоў падтрымлівае дзяржава, не шкадуючы фінансавых сродкаў. Канкурэнцыя ў сусветным спорце з кожным годам толькі расце. Гэта паказалі і сочынскія старты, барацьба практычна ў кожных дысцыплінах была звышнапружанай. І радуе, што на гэтым фоне наша краіна не проста ідзе ў нагу з часам, але і пакідае ззаду лепшых алімпійцаў планеты.

Беларусь сустракае герояў белых Гульняў амаль вясновым надвор'ем. У Мінску, вядома, не так сонечна, як у Сочы, аэрапорт ахутаў туман, але нязвыкла цёпла і камфортна для гэтага часу года.

Цырымонія сустрэчы пераможцаў і прызёраў зімовай Алімпіяды, безумоўна, урачыстая. Мы бачым, як беларускія алімпійцы спускаюцца па трапе. Іх сустракаюць кветкамі і хлебам-соллю. Аркестр роты ганаровай варты выконвае марш Героям спорту. Назва больш чым прыдатная і не проста набор гучных слоў. Выступленне беларусаў у Сочы падарыла ўсім нам масу станоўчых эмоцый - гонар за краіну, гонар за спартсменаў. У скарбонцы 5 залатых і 1 бронзавая ўзнагарода. Ніколі перш беларусы не падымаліся на п'едэстал такую колькасць разоў. Ніколі перш у алімпійскай сталіцы так часта не гучаў гімн Беларусі. Я прапаноўваю паслухаць і паглядзець, як сустракаюць нашых алімпійцаў у Мінску.

Да выступлення нашай каманды складана падабраць прыдатныя эпітэты. Трыумфальна, выдатна, бліскуча - на працягу некалькіх тыдняў мы не шкадавалі гучных слоў. Беларусы абнавілі нацыянальнай рэкорд. Да гэтага часу самай паспяховай была Алімпіяда ў Ванкуверы, але золата там было толькі адно, а ўсяго 3 медалі.

Зараз алімпійская каманда па чырвонай дывановай дарожцы накіроўваецца ў VIP-залу. Там чакаюць сваякі, кіраўнікі спартыўнай галіны, і, вядома, журналісты. Запланавана міні-прэс-канферэнцыя, пасля чаго спартсмены выйдуць у мікст-зону. Там ужо сабраліся сотні балельшчыкаў з флагамі, плакатамі і кветкамі. Усе яны хочуць павіншаваць улюбёнцаў, пагутарыць і, вядома, займець запаветны аўтограф. Людзей сабралася даволі шмат - сотні чалавек, нягледзячы на рабочы дзень. Так што антураж выдатны.

З аэрапорта героі Алімпіяды і іх трэнеры адправяцца ў НАК Беларусі. Ехаць будуць па святочнай трасе, якую ўпрыгожылі флагамі і бігбордамі з выявай сочынскіх медалістаў. У штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта каманду чакаюць прывітанні спартыўных функцыянераў і спартыўнай грамадскасці.

Заўтра ўшаноўваць пераможцаў і прызёраў Алімпіяды, а таксама трэнерскі склад нашай каманды будуць у Палацы Незалежнасці - спартсменаў прыме ў сябе Кіраўнік дзяржавы. Мы бачылі, што Прэзідэнт лятаў у Сочы не толькі на цырымонію адкрыцця, але таксама падтрымліваў і натхняў нашых спартсменаў, наведваў трэніроўкі і адным з першых віншаваў з алімпійскімі перамогамі. Так што мяркуецца, што цырымонія будзе як урачыстай, так і эмацыянальнай і шчырай. Зрэшты, пра яе мы распавядзём ужо заўтра.


А падрабязнасці сённяшняй сустрэчы глядзіце ў праграме Панарама. Мы пастараемся падагульніць і не выпусціць дэталі трыумфальнага вяртання нашых алімпійцаў на Радзіму.