Беларускія хакеісты на чэмпіянаце свету ў Казахстане атрымалі трэцюю перамогу запар

2 мая 2019

Нашы хакеісты на чэмпіянаце свету ў Казахстане  атрымалі трэцюю перамогу запар!  Зборная Беларусі зраўнялася  са сваім прынцыповым сапернікам - камандай Славеніі.  Гэта тая самая дружына,  якая рэгулярна нас "засмучае"  і на планетарных форумах, і на алімпійскіх кваліфікацыях. Сёння нашы - зноў лепшыя!  Славенцам не дапамог нават прадстаўнік НХЛ у камандзе.  Пра яркую і патрэбную перамогу беларускай зборнай - Крысціна Камыш.

Чэмпіянат свету па хакеі Нур-Султан прымае ўпершыню. Аб тым, што ў сталіцы Казахстана праходзіць форум,  хай і не ў эліце, а ў дывізіёне рангам ніжэй, паведамляюць разнастайныя рэкламы і банэры па горадзе. 

Білеты на матчы чэмпіянату свету можна набыць анлайн або ў касах "Барыс-Арэны". Квіткі на паядынкі нашай каманды, у сярэднім  каштуюць ад 500 да 1000 тэнге. Гэта значыць, ад трох да шасці рублёў. Згадзіцеся, цэннік лаяльны. Аднак гульні любых зборных, акрамя мясцовай, вялікай папулярнасцю не карыстаюцца - трыбуны напаўпустыя.

Гэта нават нядрэнна, лічаць беларускія фанаты. Так іх падтрымку наша дружына сапраўды пачуе. Мікалай Ганчароў з Магілёва хварэе за белхакей больш за 20 гадоў. Сусветныя першынствы ён імкнецца не прапускаць. 

Увесь цяперашні сезон Беларуская федэрацыя хакея правяла пад слоганам "Будзем разам!". Гэта маркетынгавы ход, каб аб'яднаць балельшчыкаў і каманду. Таксама гэта адзін з афіцыйных хэштэгаў  нашай зборнай для сацыяльных сетак. А вось яшчэ адзін доказ таго, што лёд і клюшка аб'ядноўваюць. У адным з дадаткаў для смартфонаў для зносін была створана група "Беларусы на ЧМ у Нур-Султане". Яна для тых, хто сапраўды будзе на трыбунах стадыёна. Тут фанаты дзеляцца навінамі, вынікамі, парадамі,  як хутчэй дабрацца да "Барыс-Арэны" і дзе, напрыклад, смачна павячэраць. Зараз у гэтай групе 150 чалавек.

Сёння зборная Беларусі сустракалася са Славеніяй. І перад матчам толькі і былі размовы  пра адзінага прадстаўніка НХЛ на турніры, нападаючага  "Лос-Анжэлес Кінгс" Анжэ Капітара. Але ў абойме Іва Яна быў яшчэ адзін патрон. Абаронца Клемен Прэтнар крыху  больш за год назад гуляў у мінскім  "Юнацтве" ў беларускай Экстралізе. 

Клемен Прэтнар, абаронца зборнай Славеніі па хакеі: "Вядома ж, я ведаю шматлікіх хлопцаў з вашай зборнай. З некаторымі гуляў у адной камандзе. Перакінуліся парай слоў  з Мільчаковым і Когалевым. Мы жывём у адной гасцініцы. Так, я ведаю моцныя і слабыя бакі беларусаў. У іх добрае катанне, высокія хуткасці. Шмат сакрэтаў распавёў трэнеру. Што іменна?! Гэта застанецца паміж коўчам і мной".

У любым выпадку, план не спрацаваў. Ужо на чацвёртай хвіліне матча шайбу закінуў Шаранговіч. Затым было зацішша да трэцяга перыяду. У пачатку славенец Саболіч нечакана зраўняў лік. Але на гэта беларусы адказалі тройчы. Явенка, Плат, Дзямкоў - 4:1. Трэцяя перамога запар.

Зараз у ачковай скарбонцы ў Беларусі і Казахстана па 9 балаў. 

Заўтра на чэмпіянаце свету будзе згуляны толькі адзін матч. Венгрыя сустрэнецца са Славеніяй. У астатніх каманд, у тым ліку ў беларускай зборнай, будзе выхадны. Але трэніроўку ніхто не адмяняў, трэба захаваць тонус. Будуць вырашальныя гульні. У суботу - бой з Казахстанам. А там беларус Андрэй Скабелка ля руля і 8 натуралізаваных хакеістаў.