Беларускія весляры невінаватыя ва ўжыванні допінгу

21 января 2017

Галоўнай навіной дня стала паведамленне аб невінаватасці беларускіх весляроў ва ўжыванні допінгу. Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва Францыі не мае прэтэнзій да чатырох з пяці нашых атлетаў, якія падазраваліся ў выкарыстанні забароненага прэпарату падчас вясновага збору ў гарадку Ле Тампль-сюр-Ле. Наконт гэтага сёння быў апавешчаны Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі. Па-сутнасці, тое, аб чым здагадваліся многія, пачынае набываць юрыдычнае афармленне. Ужо ў канцы гэтага месяца рашэнне аб правамернасці дыскваліфікацыі нашых спартсменаў прыме Міжнародны спартыўны арбітраж швейцарскай Лазаны. Перамогу ў працэсе можна назваць справай гонару, бо Алімпіяду нашым веслярам ужо не вярнуць. З падрабязнасцямі Павел Капуцкі.

Уладзімір Шантаровіч, галоўны трэнер зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ: "Гэта, я лічу (запамінайце і пішыце, нясіце па ўсім свеце), службовае злачынства групы асоб у складзе пяці чалавек. Гэта кіраўнікі Міжнароднай федэрацыі".

У сярэдзіне ліпеня Уладзімір Шантаровіч яшчэ спадзяваўся на пазітыўны зыход, але ў Рыа нашы весляры ўсё-такі не паехалі.

Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі атрымаў апавяшчэнне ад Антыдопінгавага агенцтва Францыі: да чатырох з пяці беларускіх спартсменаў няма прэтэнзій. Гэта браты Багдановічы, Аляксандр Ляпешка і Дзмітрый Хільчанка. Застаецца Максім Пятроў з невялікім перавышэннем па мельдоніі, але нават тут у нас ёсць аргументы. І вось што важна. Рашэнне французскае НАДА прыняло 7 снежня, а беларускі бок апавешчаны толькі зараз.

Анатоль Котаў, генеральны сакратар НАК Беларусі: "Ёсць думкі, што спецыяльна нас не апавяшчалі аб гэтым рашэнні ў надзеі, што Міжнародны арбітраж стане на бок Міжнароднай федэрацыі каноэ. Таму што рашэнне французскага НАДА каменя на камені не пакідае на і без таго слабой аргументацыі Міжнароднай федэрацыі".

Прыйдзі гэтыя паперы ў беларускі НАК перад Алімпіядай, магчыма, і не было б глабальнай страты нервовых клетак у беларускіх весляроў і балельшчыкаў. Але зараз відавочна: спяшаліся толькі мы.

Важнае рашэнне Міжнароднага арбітражу ў Лазане. Швейцарцы ўжо апавешчаныя аб навінах ад французскага НАДА. Чакаем 27 студзеня.

Анатоль Котаў, генеральны сакратар НАК Беларусі: "Выбачэнні нам абяцалі, але адных выбачэнняў нам недастаткова. Дачакацца пазітыўнага рашэння і з прыцягненнем максімальных інструментаў юрыдычных пакараць Міжнародную федэрацыю з тым, каб хоць неяк кампенсаваць нашым веслярам тую маральную страту, якую яны панеслі ў выглядзе адхілення ад галоўнага старту чатырохгоддзя".

Падрыхтоўку да Алімпіяды ў Токіа працягвае ўся каманда, акрамя Аляксандра Багдановіча. У Рыа ён хацеў паставіць прыгожую кропку. І нават знаходзячыся ў дэпутацкім крэсле, алімпійскі чэмпіён не можа забыць пра падзеі мінулага года.

Аляксандр Багдановіч: "Тое, што ў нас нічога няма, мы ведалі. Мы ведалі, што мы невінаватыя. Не вельмі лёгка гэта ўсё перажываць, пераадольваць. 20-гадовае спартыўнае жыццё не рэалізавалася ў канцы кар'еры. І змена роду дзейнасці дае адбітак на эмацыянальны стан".

Яшчэ адзін чалавек з ліку галоўных пацярпелых - Уладзімір Шантаровіч - зараз не ў Мінску. Прайшло паўгода, а ў тэлефоннай размове ён па-ранейшаму здзіўляецца аргументам Міжнароднай федэрацыі каноэ.

Уладзімір Шантаровіч, галоўны трэнер зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ (па тэлефоне): "Рашэнне самае страшнае прымала Міжнародная федэрацыя па матэрыялах газеты "Ле Монд". У юстыцыі французскай няма прэтэнзій, у міжнароднага ВАДА няма прэтэнзій. Толькі ў Міжнароднай федэрацыі прэтэнзіі".

Шок перажыла ўся каманда. Дыскваліфікацыя скончыцца не пазней за 13 ліпеня. Важна годна адказаць не толькі ў судзе, але і на вяслярных каналах. І самае прыдатнае для гэтага месца і час - чэмпіянат свету ў Чэхіі сёлета ў жніўні.