Беларускія фрыстайлісты заваявалі дзве ўзнагароды на этапе Кубка свету ў Маскве

7 января 2018

Выхадныя выйшлі багатымі для нас на станоўчыя спартыўныя эмоцыі. Учора ў Маскве на этапе Кубка свету нашы фрыстайлісты расфарбавалі вялікую частку верху выніковых пратаколаў у беларускія флагі. Бо і ў мужчынскім, і ў жаночым суперфіналах, куды праходзяць па 6 спартсменаў, выступалі па 3 нашыя суайчыннікі. У спаборніцтвах мужчын свой высокі клас пацвердзіў алімпійскі чэмпіён Антон Кушнір, ён выйграў золата, што ўдвая радуе, улічваючы тое, што сёння роўна месяц да старту Алімпіяды.

У жанчын беларуска Аляксандра Раманоўская стала срэбным прызёрам. Як і ў хлопцаў, тут таксама назіраецца годная ўнутраная канкурэнцыя перад Алімпіядай. Ганна Гуськова і Ала Цупер таксама амбіцыйныя і рыхтуюцца пазмагацца на найбліжэйшых стартах.

Наступныя два кубкавыя этапы лыжныя акрабаты правядуць за акіянам - у ЗША. Іх пакажа тэлеканал "Беларусь 5". Мы купілі правы на паказ Кубка свету па фрыстайле на некалькі найбліжэйшых сезонаў. А пасля іх завяршэння вызначацца ўсе ўдзельнікі галоўнага старту сезона - Алімпіяды ў Пхёнчхане.