Беларускія фрыстайлісты выйгралі чатыры медалі юніёрскага чэмпіянату свету

5 апреля 2019

Гучная перамога беларускага фрыстайла. Адразу чатыры медалі ў нашых лыжных акрабатаў - на юніёрскім чэмпіянаце свету ў Італіі. Гэта лепшы вынік за ўсю гісторыю выступлення беларусаў на планетарных форумах.

Чэмпіёнамі свету сталі Сняжана Драбянкова і Вячаслаў Цімерцаў, срэбра ў Ігара Драбянкова, а бронза дасталася Яне Ярмашэвіч. Спаборніцтвы з-за моцнага снегападу прыйшлося перанесці на суткі, аднак гэта не перашкодзіла нашым медалістам выканаць сваю праграму на высокім узроўні і пакінуць ззаду канкурэнтаў. Адзначым, у гэтым сезоне беларуская юніёрская зборная выйграла і Кубак нацый.

Юніёрская каманда даказала, што ў Беларусі расце годная змена і канкурэнцыя для вядучых лыжных акрабатаў. Зрэшты, сезон выдаўся паспяховым і для нацыянальнай зборнай. Нягледзячы на тое, што яго прапускалі Станіслаў Гладчанка і Ганна Гуськова. Медалі этапаў Кубка свету заваявала Аляксандра Раманоўская, якая ўпершыню стала лепшай на планеце. Таксама на п'едэсталы этапаў Кубка свету паднімаўся Антон Кушнір.