Беларускія дзюдаісты змагаюцца за медалі на "Чыжоўка-Арэне"

24 июня 2019

Увага беларускіх балельшчыкаў сёння прыкавана да "Чыжоўка-Арэны". Там выступаюць нашы дзюдаісты. Ужо дакладна вядома, што медальная скарбонка ў гэтым відзе спорту будзе адкрытая. На гэтай пляцоўцы ІІ Еўрапейскіх гульняў працуе Павел Капуцкі

Барацьбу за медалі працягваюць два прадстаўнікі Беларусі. Даніэль Мукетэ выйшаў у чвэрцьфінал у катэгорыі да ста кілаграмаў. Там саступіў, але ў суцяшальнай сутычцы выйграў і будзе біцца за бронзу. У жанчын у катэгорыі звыш 78 кілаграмаў наша Марына Слуцкая дабралася да фіналу. У паўфінале адолела спартсменку з Азербайджана. Мінімум серабро ў нас ёсць!

І скажу яшчэ: дзюдо разам з боксам і бадмінтонам той від, дзе спаборніцтвы Еўрапейскіх гульняў сумешчаныя з чэмпіянатам Еўропы. Спартсмены так і гавораць: мы змагаемся адразу за два медалі. І хоць прамыя пуцёўкі ў Токіа тут не разыгрываюцца, пераможца набярэ столькі рэйтынгавых ачкоў, што для пападання на Алімпіяду хопіць!

Таму ўдвая перажываем за Даніэля Мукетэ і Марыну Слуцкую! Сутычкі за медалі пачнуцца ў пяць вечара.