Беларускія біятланісткі даказалі, што яны лепшыя

22 февраля 2018

Сёння з Пхёнчхана прыйшла навіна, якая падарыла радасць усёй нашай краіне: і спартсменам, і балельшчыкам, і людзям, далёкім ад спорту, таму што такія навіны дазваляюць ганарыцца нашай краінай, прымушаюць увесь свет гаварыць аб Беларусі, усяляюць веру ў сябе і жаданне яшчэ больш імкнуцца да далейшых перамог. Такім чынам, у Беларусі другі залаты медаль на Алімпійскіх гульнях. Віншуем усю нашу каманду і ўсіх балельшчыкаў!

Сёння сенсацыйную перамогу атрымала жаночая зборная па біятлоне ў эстафетнай гонцы. Нашы дзяўчаты, сабраўшы ў кулак волю, прафесіяналізм і хуткасць, даказалі, што яны лепшыя. Першай на дыстанцыі стартавала Надзея Скардзіна. Яна закрыла ўсе мішэні, выкарыстаўшы два дадатковыя патроны. У выніку эстафету Ірына Крыўко прымала дзясятай, а перадала Дынары Алімбекавай пятай. Дэбютант Алімпіяды не падвяла, яна нават паднялася на адзін радок - стала чацвёртай. Завяршала гонку ад Беларусі Дар'я Домрачава. На лежні яна адстралялася чыста, на стойку прыйшла ў лідарах і прымусіла балельшчыкаў крыху пахвалявацца. Але тры дадатковыя патроны закрылі ўсе мішэні.

Беларускі флаг не ўтрымаўся на флагштоку - такое было напружанне на фінішы.

Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дынара Алімбекава і Дар'я Домрачава - алімпійскія чэмпіёнкі Пхёнчхана! Кадры залатога фінішу беларусак.

Крыху пазней адбылася кветкавая цырымонія. Побач з беларускамі на п’едэстал падняліся шведкі і францужанкі.

Жаночую каманду па біятлоне з перамогай на Алімпійскіх гульнях павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што напярэдадні мужчынскага свята нашы дзяўчаты-біятланісткі зрабілі выдатны падарунак усім мужчынам і ўсёй краіне. Кіраўніком дзяржавы таксама прынята рашэнне аб прысваенні званняў "Заслужаны майстар спорту" Надзеі Скардзіне, Ірыне Крыўко і Дынары Алімбекавай. Усе чатыры біятланісткі ўзнагароджаныя ордэнам "За асабістую мужнасць". Гэты ордэн - узнагарода асаблівая і рэдкая. Ордэнам мужнасці ўзнагароджваюцца ў асноўным вайскоўцы за подзвіг і праяўленую мужнасць. Нашы дзяўчаты сёння насамрэч зрабілі подзвіг - у складаных умовах надвор’я пераадолеўшы сябе, пакінуўшы ззаду наймацнейшых біятланістак планеты, атрымалі гэтую сенсацыйную перамогу.

Цырымонія ўзнагароджання намечана на заўтра ў 13:15 па беларускім часе. Прамую трансляцыю будуць весці два тэлеканалы - "Беларусь 1" і "Беларусь 5". Гэты поспех дазволіў беларускай камандзе падняцца на 13-е месца ў медальным заліку. Усяго ў актыве зборнай тры медалі. Акрамя сённяшняга, яшчэ золата Ганны Гуськовай у фрыстайле і серабро Дар'і Домрачавай у мас-старце.