Кансультацыі са спецыялістамі, скрынінг-дыягностыка, тэматычныя кінапаказы, інтэрактыўныя і пляцоўкі рэлаксацыі. Беларуская сталіца далучылася да Сусветнага дня здароўя. Амаль сем дзясяткаў гарадоў яго адзначаюць сёння, 7 красавіка. Кожны раз Сусветны дзень здароўя праходзіць пад агульнай тэмай, звязанай з пэўнай хваробай ці правільным ладам жыцця. Сёлета глабальную кампанію прысвяцілі прафілактыцы дэпрэсіі. На працягу тыдня ў Мінску расказваюць пра гэту псіхічную хваробу, прычыны яе ўзнікнення, наступствы і лячэнне. Падрабязнасці ў Аляксандры Драгун.
Майстар-класы па каратэ і тхэквандо, танцавальныя і спартыўныя батлы, інтэлектуальныя і творчыя віктарыны… Сусветны дзень здароўя аб'яднаў тры сотні сталічных школьнікаў. На працягу года яны расказвалі аб правільным ладзе жыцця. Фінал фестывалю - «Вялікае свята здароўя».
Як на здароўе чалавека ўплываюць шкодныя звычкі? Утоеную рэакцыю ў арганізме старшакласніца Анастасія Скугарэўская вырашыла візуалізаваць. Школьны прадмет натхніў на хімічную рэакцыю і выбар рэагентаў.
У імправізаваным гарадку здароўя звяртаюць увагу не толькі на фізічны – эмацыянальны і душэўны стан. У прыватнасці, на інтэрактыўнай пляцоўцы для рэлаксу і творчасці.
69 гадоў запар Дзень здароўя аб'ядноўвае розныя краіны свету. Кожны раз тэмы розныя. Сёлета 7 красавіка прысвяцілі прафілактыцы дэпрэсіі. Ад кансультацый і скрынінг-дыягностыкі да тэатралізаваных пастановак і тэматычных кінапаказаў. Праз розныя формы спецыялісты расказваюць аб гэтай хваробе і спосабах яе лячэння.
Больш за 5 гадоў у сталіцы існуе клубны дом «Адкрытая душа», дзе дапамагаюць людзям справіцца з наступствамі захворвання праз сацыяльную рэабілітацыю, псіхалагічную і эмацыянальную падтрымку.
У гарадскіх паліклініках сталіцы працуе два дзясяткі псіхатэрапеўтычных кабінетаў, а таксама кругласутачна экстранная псіхалагічная служба «Тэлефон даверу».
Наталля Беразоўская, намеснік галоўнага ўрача Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера: "Частай перашкодай да звароту па дапамогу з'яўляецца дыспансернае назіранне. Далёка не за ўсімі пацыентамі ўстанаўліваецца дыспансернае назіранне. Часцей за ўсё чалавек можа звярнуцца да ўрача-псіхатэрапеўта, не маючы сацыяльных наступстваў для сябе, таму што ў нас арганізаваны ананімны прыём".
Варта адрозніваць дэпрэсію як хваробу, якая патрабуе лячэння, ад дэпрэсіўных станаў, з якімі мы сутыкаемся, напрыклад, вясной. Справіцца з сезоннымі расстройствамі дапаможа шпацыр, заняткі спортам і актыўны адпачынак.













