Беларуская зборная па футболе згуляе супраць лепшай зборнай свету

30 марта 2021
Вялікі футбол: матч супраць лепшай зборнай у свеце. Беларускія футбалісты сёння ў Бельгіі правядуць паядынак адборачнага турніру чэмпіянату свету супраць самай рэйтынгавай каманды, якая выступае пад эгідай ФІФА. "Беларусь 5" сустрэчу пакажа ў прамым эфіры. Наша зборная ўдала пачала турнір перамогай над эстонцамі, але наступны сапернік нашмат мацнейшы. Якія настроі ў стане беларусаў, і як паўплывае на гульню ўзмацненне антыкавідных мер? З бельгійскага Лёвена рэпартаж Мікалая Стулы.

Матч Бельгія - Беларусь пройдзе  ў 100-тысячным горадзе Лёвен, за 30 кіламетраў ад Бруселя. Той факт, што гэта невялікі стадыён, не мае ніякага значэння ў перыяд пандэміі. Трыбуны ўсё роўна сёння застануцца пустымі.

Меры бяспекі

З пятніцы мінулага тыдня ў Бельгіі ўведзены дадатковыя меры бяспекі. Закрыты ўсе навучальныя ўстановы, акрамя дашкольных. У кафэ ежа толькі на вынас. У нехарчовых магазінах уведзены папярэдні запіс. Пасля 22 гадзін на вуліцы з'яўляцца нельга без уважлівай прычыны. Але мясцовых жыхароў усё ж не ўдаеццаа ў поўнай меры прымусіць выконваць гэтыя правілы. Прыйшла вясна - сёння да +23. Нават маскі тут носяць не ўсе і не заўсёды.

Футбольная супольнасць антыкавідны пратакол выконвае дбайна. Тэсты перад вылетам, мінімум кантактаў, а ўжо ў Бруселі беларусам прапанавалі яшчэ раз праверыцца. 

Беларусь рыхтуецца да матча супраць лепшай зборнай свету

Беларусам сёння гуляць супраць першай зборнай свету ў рэйтынгу ФІФА. Яна моцная і камандай, і індывідуальна. Вялікая праблема - як стрымаць самага габарытнага форварда Еўропы Рамелу Лукаку.

У перадматчавай трэніроўцы прымалі ўдзел усе 25 гульцоў. Беларусы не збіраюцца гуляць толькі ад абароны, нягледзячы на вялізны аўтарытэт саперніка.

Зносіны на свежым паветры падчас пандэміі ў Бельгіі скарацілі з 10 да 4 чалавек. Але сёння ў Лёвене гэты загад выконвацца не будзе. Беларусы вельмі пастараюцца парушыць субардынацыю ў рэйтынгу ФІФА, стварыць сенсацыю,  а для гэтага спатрэбіцца шчыльная апека, маналітная абарона. 

У апошнія гады ў беларускім футболе авітаміноз станоўчых эмоцый. Метад лячэння просты і зразумелы - перамогі, ачкі або проста якасны футбол. Што ж, будзем верыць.