Беларуская федэрацыя біятлона адкрывае "Кузню чэмпіёнаў"

30 апреля 2016

Амбіцыйны праект рэалізуюць у Наваполацкім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Тут будуць трэніраваць адабраных па сучасных методыках спартсменаў. Для развіцця юных талентаў створана выдатная трэніровачная база. З наваполацкіх трас пачынаўся шлях узыходных зорак беларускага біятлона - Ганны Сола, Яўгена Абраменкі, Ірыны і Віктара Крыўко. Сёння гэтыя спартсмены прыехалі ў альма-матар, каб паўдзельнічаць у афіцыйным старце праекта і пагутарыць з тымі, у каго галоўныя дасягненні наперадзе.

Дзве трэніроўкі на дзень, заняткі на стрэльбішчы, строгае выкананне методык. У эксперыментальнай групе біятланістаў - індывідуальная сістэма падрыхтоўкі. Яны надзея айчыннага біятлона і ўжо гонар сваіх настаўнікаў.

Эксперыментальная група юных спартсменаў у Наваполацкім вучылішчы алімпійскага рэзерву з'явілася менш як год таму. Зараз у "Кузні чэмпіёнаў" сем біятланістаў ва ўзросце ад 13 да 18 гадоў. Ілья Аўсеенка - адзін з тых, каго адабралі з некалькіх дзясяткаў прэтэндэнтаў.

Зроблена ўсё, каб не адцягваць увагу спартсмена ад трэніровачнага працэсу. Тут ёсць аднаўленчы цэнтр, інтэрнат, трэнажорная зала, сучасная лыжа-ролерная траса.

Стромкія павароты, перапад вышынь у 150 метраў, асвятленне для самых відовішчных - вячэрніх - стартаў. Гэтая юніёрская траса адна з самых складаных у Беларусі. У міжсезонне сюды прыязджаюць трэніравацца спартсмены з Расіі, Прыбалтыкі і нават Японіі. У Беларускай федэрацыі біятлона не выключаюць, што для мэтавай падрыхтоўкі юных атлетаў адкрыюць і іншыя цэнтры. Праект "Кузня чэмпіёнаў" - доўгатэрміновы. І працаваць будзе ў маштабах усёй краіны.

Не менш чым добрая трэніровачная база і методыкі, важная і асабістая матывацыя спартсмена. Маладых біятланістаў натхняюць сустрэчы з зоркамі спорту. Сёння аўтограф-сесія з тытулаванымі выпускнікамі Наваполацкай школы біятлона.

З нагоды старту новага праекта Беларускай федэрацыі біятлона спартсмены пасадзілі дрэва. Пакінулі запіс у кнізе гасцей. І абяцалі пільна сачыць за поспехамі зорачак з беларускай "Кузні чэмпіёнаў".