Дар'я Домрачава, Кацярына Вандарова, Ірына Кулеша, Анастасія Новікава. Нават футбол і той пакарыўся прыгажосці і жаноцкасці. Аб спартыўных дасягненнях неслабога полу - у сюжэце Таццяны Кашпур.
Стаяць ля пліты, да бляску прыбіраць кватэру і ў чаканні мужа з працы вязаць яму сотую пару шкарпэтак? Гэта падыходзіць далёка не кожнай жанчыне. Імкненне, барацьба, самаахвярнасць і нават спартыўная злосць. Вось што выбіраюць дамы трэцяга тысячагоддзя.
Яшчэ зусім юнай дзяўчынкай Святлана Асташова, як і шматлікія яе аднагодкі, спрабавала сябе ў розных відах спорту. Хуткую, спрытную і ўпартую яе заўважылі і прапанавалі паспрабаваць сябе ў прафесійным… футболе. Пагадзілася не задумваючыся.
У працоўнай кніжцы Святланы - даволі сухі запіс спартсмен-інструктар. На справе ж гэтая зграбная дзяўчына - граза поля, форвард футбольнага клуба Мінск. Вельмі любіць сваю каманду і слухаецца ўсіх указанняў трэнера. Без дысцыпліны ў спорце ніяк.
Трэніроўкі ад світанку і да заходу, пастаянныя раз'езды і строгая дыета. Ну хто, калі не жанчына, вытрымае такое?
Адзінае, на што Святлана Асташова не гатовая пайсці дзеля спорту, дык гэта праводзіць менш часу з сынам. Ён - яе галоўнае дасягненне, у мільёны раз важнейшае за футбольныя кубкі. І толькі яму Святлана гатовая аддаваць увесь свой вольны час, клопат і любоў. Усе перамогі маці прысвячае яму, усёй сваёй кар'ерай вучыць быць пераможцам па жыцці. І не важна, ці стане ён спартсменам, юрыстам або праграмістам. Галоўнае - быць лепшым, сапраўдным прафесіяналам сваёй справы.














