Беларусь жыве ў прадчуванні фіналу Кубка Федэрацыі

19 октября 2017

Беларусь жыве ў прадчуванні фіналу Кубка Федэрацыі - галоўнага тэніснага турніру сярод жаночых нацыянальных зборных. 11 і 12 лістапада на "Чыжоўцы-Арэне" нашы дзяўчаты пазмагаюцца за ганаровы трафей супраць каманды ЗША. Прычым, як адзначаюць эксперты, з цяперашнім падборам гульцоў у нас нядрэнныя шанцы на перамогу. Але не будзем пакуль загадваць. Гэтымі днямі мы пільна сочым за дасягненнямі нашых дзяўчат на турнірах Жаночай тэніснай асацыяцыі, вельмі важна, у якой форме і з якім настроем яны падыдуць да важнай падзеі для беларускага спорту. Аляксандра Сасновіч і Вера Лапко сёння спрабавалі прабіцца ў паўфінал Кубка Крамля. Болш падрабязна аб выніках - з Масквы Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Кубак Крамля - самы буйны турнір у Расіі, які, паводле слоў экспертаў, ужо даўно выйшаў за рамкі спорту. Упершыню ён прайшоў 1990 годзе і вось праз 28 раз "Алімпійскі" прымае найлепшых спартсменаў планеты. Унікальнасць яго і ў тым, што нідзе ў свеце адначасова ў адным крытым будынку не гуляюць жанчыны і мужчыны.

Беларуская ж цікавасць на Кубку Крамля, першым чынам, у жаночай частцы спаборніцтваў. Зусім хутка ў Мінску пройдзе фінал Кубка Федэрацыі паміж нашай зборнай і ЗША, таму турнір у Маскве для Аляксандры Сасновіч і Веры Лапко - перадапошняя рэпетыцыя перад, мабыць, галоўнай падзеяй года ў беларускім спорце. Эксперты ўпэўненыя - у нас падрасла таленавітая плеяда гульцоў і фаварыцкі статус амерыканак невідавочны.

Дзяўчаты на турніры катэгорыі "Прэм'ер" выйшлі ў чвэрцьфінал - гэта ўжо сведчыць аб іх нядрэннай форме. Сасновіч сёння на цэнтральным корце гуляла з гаспадыняй Дар'яй Касаткінай, якая ўваходзіць у трыццатку сусветнага рэйтынгу, і ўступіла. Шмат ачкоў аддала на сваёй падачы. Мабыць, адбілася маральная і фізічная выпакладанасць пасля ўчарашняй перамогі над першай сеянай турніру Младзенавіч з Францыі. 4:6, 3:6.

Для таго, каб трапіць у чацвёрку найлепшых, яшчэ адной беларусцы Веры Лапко ў Маскве таксама трэба было скокнуць вышэй за галаву. Яе саперніца Ірына-Камелія Бегу ў рэйтынгу стаіць вышэй больш як на сто пазіцый. Першы сет Лапко ўступіла 3:6, у другім падбадзёрыў трэнер і завязалася барацьба.

Ключавы момант матчу - пры ліку 4:4 трэба было браць брэйк-поінт - атрымалася. Для азначэння пераможца спатрэбіўся трэці сет. Беларуска была ў адным дакладным удары ад паўфіналу, але матчбол не выкарыстала. 3:6, 6:4, 5:7 - паражэнне, хоць Вера ледзь не стварыла сенсацыю. Выбраўшыся з кваліфікацыі, яна да сённяшняга дня не ўступіла ніводнага сета. Пасля матчу засмучаная Лапко акцэнтуе ўвагу - галоўны матч года наперадзе.

Нагадаем, у нядзелю тэнісны свет быў вельмі ўражаны гульнёй беларускі Арыны Сабаленкі на прадстаўнічым турніры ў Пекіне, дзе яна ў звышдраматычным матчы ўступіла толькі легендарнай Марыі Шарапавай. Рэакцыя 19-гадовай беларускі на пройгрыш спадабалася больш за ўсё - значыць, яна не збіраецца ў далейшым здавольвацца малым.

Сабаленка, Сасновіч, Лапко - усе гэтыя дзяўчаты зараз навідавоку перад фіналам Кубка Федэрацыі, усе яны перажылі найлепшыя імгненні ў кар'еры менавіта ў зборнай краіны.

Беларускі ж рэзерв крыецца ў Вікторыі Азаранцы. Яна можа далучыцца да каманды ў выпадку вырашэння сямейных праблем у Амерыцы. Матч Беларусь-ЗША вызначаны на 11-12 лістапада ў "Чыжоўцы-Арэне", білеты ўжо паступілі ў продаж.