Беларусь сустракае першых удзельнікаў чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні

21 января 2019

Беларусь з сённяшняга дня стане цэнтрам сусветнага фігурнага катання. Адзін з галоўных турніраў Мінск прыме ўпершыню. Да нас прыедуць лепшыя фігурысты кантынента, у тым ліку дзеючая алімпійская чэмпіёнка Аліна Загітава - безумоўна, менавіта да гэтай персоны будзе прыкавана павышаная ўвага. Рэйс з расійскай спартсменкай прызямліцца сёння ў Нацыянальным аэрапорце Мінск бліжэй да дзевяці вечара. А заўтра з Масквы прыляціць пара, якая прадставіць Беларусь на дамашніх спаборніцтвах. У апошнія дні Юрый Гуліцкі і Ганна Кублікава трэніраваліся ў расійскай сталіцы пад кіраўніцтвам тытулаванага трэнера Аляксандра Жуліна, які адзначае, што чэмпіянат Еўропы ў беларускай сталіцы пройдзе на найвышэйшым узроўні.

Аляксандр Жулін, трэнер дуэта Юрыя Гуліцкага і Ганны Кублікавай: "У вас неверагодная інфраструктура, інакш у вас не праходзілі б чэмпіянаты свету па хакеі. Усё было апрабавана. Арэна выдатная - люблю прыязджаць у Мінск. Выдатны каток, выдатныя людзі".

У мужчынскім адзіночным катанні Беларусь прадставіць Якаў Зянько, які аднавіўся пасля траўмы. Сёння і заўтра на лёдзе "Мінск-Арэны" пройдуць афіцыйныя трэніроўкі. А вось у сераду пачнуцца першыя спаборніцтвы. Спачатку кароткая праграма ў дзяўчат. А пасля - кароткая праграма ў спаборніцтве пар. Тэлеканал "Беларусь 5" пакажа форум у максімальным аб'ёме.