Беларусь чарговы раз пацвердзіла статус аднаго з сусветных лідараў у фрыстайле

27 февраля 2016

Этап Кубка свету Раўбічы прымалі на мінулым тыдні, сёння тут адбыўся чэмпіянат планеты сярод юніёраў, які сабраў тры дзясяткі ўдзельнікаў з 7 краін. Нашы спартсмены на гэтых стартах заваявалі чатыры медалі. Два з іх менавіта сёння. Аляксандра Раманоўская стала двухразовай чэмпіёнкай свету па фрыстайле. Серабро заваяваў Дзмітрый Мазуркевіч.

Расказвае Павел Капуцкі.

Кожны скачок наколькі зачароўвае, настолькі небяспечны для здароўя і нават жыцця спартсмена. Далёка не кожнае прызямленне аказваецца ўдалым. Добра, калі лыжны акрабат сам устае. Прадстаўніцу юніёрскай зборнай Казахстана са схілу везлі. Па выніках папярэдняга абследавання, траўма аказалася не надта сур'ёзнай.

Беларускім фрыстайлістам нястрашна. Зразумела чаму. У гэтым відзе ў нас вельмі шмат атрымліваецца. Вось, напрыклад, Аляксандра Раманоўская. Тыдзень таму на дарослым этапе Кубка свету яна стала трэцяй. Хоць яшчэ юніёрка.

На п'едэстал падняліся два чалавекі з нашай зборнай. Акрамя Раманоўскай, гэта Дзмітрый Мазуркевіч, які саступіў толькі Максіму Бураву з Расіі.

Беларусы паволі прывыкаюць глядзець фрыстайл ужывую. Шматлікія ў Раўбічы прыехалі з дзецьмі. У адных малыя засыпалі прама на руках, у другіх - хутка разумелі сэнс лыжнай акрабатыкі і трэніравалі падзенне са схілу.

Гэты экстрэмальны від спорту сваёй прыгажосцю і фантастычнымі вынікамі нашай каманды ўсё больш улюбляе ў сябе балельшчыкаў.

Дзмітрый Дашчынскі зараз трэніруе. Хоць яшчэ нядаўна скакаў. Першы алімпійскі медаль ён выйграў у 98-м у Нагана. Тады Дашчынскаму было 19. Так што, магчыма, сёння ў Раўбічах выступалі прызёры Алімпіяды 2018 года ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане.