Беларусы ўзялі серабро чэмпіянату свету па верталётным спорце

29 июля 2018

На гэтым тыдні на аэрадроме Баравая людзі высокага палёту пісалі гучную і прыгожую гісторыю. Тут прайшлі самыя маштабныя за ўсю гісторыю Беларусі авіяцыйныя спаборніцтвы. 16-ты чэмпіянат свету па верталётным спорце: такое відовішча ўражвае да мурашак нават самых заўзятых зямных скептыкаў.

Пілоты з Беларусі, Расіі, Украіны, Аўстрыі, Германіі, Кітая, Польшчы змагаліся за перамогу ў паветры. І перамог наймацнейшы.

За ходам спартыўных баталій на Баравой уважліва сачыла наш карэспандэнт Надзея Сербіненка.

Беларусь прымае чэмпіянат свету па верталётным спорце ўжо другі раз. Дэбют адбыўся 40 гадоў назад у Віцебску. Тады лётчыкі зборнай СССР атрымалі трыумф, заваяваўшы 38 медалёў з 42. І вось - 2018 год, аэрадром Баравая. Сусветнае першынство - і лепшыя пілоты планеты зноў у Беларусі.

Зборную Беларусі на гэтым чэмпіянаце прадстаўляюць адразу сем экіпажаў. У складзе кожнага - адзін пілот і адзін аператар. Беларус Аляксей Мачанскі - прадстаўнік авіяцыйнай дынастыі, лётчык у другім пакаленні. У рабочы час Аляксей паспяхова пілатуе пасажырскія самалёты кампаніі Белавія. А ў вольны - кіруе верталётам і ўдзельнічае ў чэмпіянатах свету ў гэтым відзе спорту.

Больш за ўсё на чэмпіянаце ў Мінску спартсменаў з Расіі - усяго 13 экіпажаў. У сусветным першынстве сваіх пілотаў прадставілі таксама Аўстрыя, Германія, Кітай, Польшча і Украіна. З першых дзён барацьба разгарнулася неабыякая.

Хан Джаафан, менеджар кітайскай зборнай па верталётным спорце:

"Насамрэч, мы тут не для таго, каб заваяваць залаты медаль. На чэмпіянатах мы набываем неацэнны вопыт. У Кітаі вельмі добра развітая камерцыйная грамадзянская авіяцыя - але спартыўная пакуль яшчэ толькі пачынае набываць папулярнасць сярод пілотаў. Безумоўна, лідары ў гэтым кірунку - еўрапейцы. І ў першую чаргу, расіяне і беларусы".

Падтрымаць беларускіх пілотаў прыехалі з розных краін і гарадоў шмат медыйных персон. Так, Герой Беларусі Дар'я Домрачава разам з мужам Уле Б’ёрндаленам нават перапыніла сваё падарожжа па краіне, каб пабываць на адкрыцці чэмпіянату.

Не па чутках ведае, як гэта - глядзець на Беларусь з неба, касманаўт Алег Навіцкі.

Але асаблівы ажыятаж сярод журналістаў і пілотаў-удзельнікаў выклікала з'яўленне галоўнага "барабаншчыка" - Леаніда Якубовіча. Тэлевядучы - яшчэ і пілот, ды з 20-гадовым стажам. Леанід Аркадзьевіч пажадаў поспеху ўсім спартсменам і распавёў сваю верталётную гісторыю.

Усе ўдзельнікі спаборнічаюць у выкананні чатырох практыкаванняў: па навігацыі, паралельным палёце на дакладнасць, развозцы грузаў і слаламе. У кожным відзе праграмы ёсць свае складанасці і нюансы. Напрыклад, навігацыя - самае працяглае практыкаванне - патрабуе тапаграфічнага мышлення і ўмення "ісці па прыборах". А вось у слаламе - будзе добры той, хто кіруе сваім верталётам максімальна філігранна.

Беларускага бізнесмена Аляксандра Цэнцера больш ведаюць як кіраўніка групы кампаній - ён узводзіць жылыя комплексы, валодае сеткай аўтазаправак. Але яшчэ пілатуе ўласны верталёт. І нават перагнаў самалёт праз Атлантыку. З 2014 года Аляксандр узначальвае Федэрацыю авіяцыйнага спорту - і тое, што 16-ты чэмпіянат свету праходзіць у Беларусі - шмат у чым яго заслуга.

Кульмінацыяй паветраных баталій у небе над Баравой стаў авіяфестываль "Пранеба", які сабраў больш за дваццаць тысяч чалавек.

На фестывалі аб’явілі і афіцыйныя вынікі чэмпіянату. Беларусы ўзялі серабро. Першае месца заняла зборная Расіі, трэцяе - Польшчы.

Сёння завяршыўся фестываль "Пранеба" - і разам з ім завяршае сваю "палётную" гісторыю аэрадром Баравая. Аэраклуб ДТСААФ пераязджае ў Ліпкі. Выконваць палёты на мадэрнізаваным аэрадроме можна будзе ў любы час сутак і пару года, а ў перспектыве туды змогуць лётаць прыватныя судны і рэйсы з абласных цэнтраў. Беларуская авіяцыя толькі набірае абароты, а пілоты строяць новыя планы на перамогі ў сусветных першынствах.