Беларусь прымае заключны этап Кубка свету па фрыстайле

1 марта 2015

У "Раўбічах" за ўзнагароды і званне лепшых змагаюцца наймацнейшыя акрабаты планеты. Менавіта ў Беларусі праходзіць заключны  этап Кубка свету па фрыстайле. У жаночай кваліфікацыі ў фінал прабілася Ганна Гуськова. Як прайшла мужчынская кваліфікацыя, мы даведаемся ў нашага карэспандэнта Станіслава Ліпскага (прамое ўключэнне).

Здарылася непрыемнае: Максім Гусцік, бронзавы прызёр апошняга чэмпіянату свету, не змог прайсці кваліфікацыю - у Максіма толькі 15-е месца. Ён вельмі засмучаны вынікам, але знайшоў у сабе сілы пракаментаваць сваё выступленне. Папрашу рэжысёраў паставіць фрагмент яго інтэрв'ю.

Затое астатнія трое беларусаў у фінале: Дзяніс Восіпаў быў трэці, Станіслаў Гладчанка - сёмы, Арцём Башлакоў - 11-ы ў кваліфікацыі. Адзначым, у "Раўбічах" прайшоў маленькі дожджык, але нават гэта не паўплывала на ход турніру: аказваецца, арганізатары этапу Кубка свету выкарысталі пры падрыхтоўцы трампліна сухі лёд, які нічога не баіцца.

Што датычыцца атмасферы, дык дэсант балельшчыкаў, паводле маіх сціплых падлікаў, дасягае тысячы, і зразумець іх можна, бо ў "Раўбічах" выступаюць самыя лепшыя фрыстайлісты планеты.

У гэтыя хвіліны ўжо стартавалі непасрэдна медальныя разборкі. Вынікі фіналаў я, на жаль, паведаміць не паспяваю, іх вы зможаце даведацца сёння ўвечар, калі паглядзіце праграму "Галоўны эфір" на нашым тэлеканале, мой калега Павел Капуцкі рыхтуе эксклюзіўны рэпартаж з абноўленага спарткомплекса, і паверце, там будзе на што паглядзець.