Беларусь прымае чарговы чэмпіянат свету па пажарным спорце

5 августа 2015

На гэты раз у цэнтры ўвагі не сталіца рэспублікі, а абласны цэнтр - Гродна. Усяго некалькі гадзін таму адбылася цырымонія адкрыцця першынства планеты па пажарна-выратавальным спорце сярод моладзі і юніёраў. Тры сотні ўдзельнікаў да канца тыдня разгуляюць 32 камплекты ўзнагарод. Але некалькі новых сусветных рэкордаў спартсмены ўжо паставілі.

Расказвае Павел Капуцкі.

Курсант камандна-інжынернага інстытута МНС Беларусі Дзмітрый Дубіцкі яшчэ ў папярэдняй частцы спаборніцтваў пабіў сусветны рэкорд. Практыкаванне "пад'ём па штурмавой лесвіцы ў акно трэцяга паверха вучэбнай вежы" ён выканаў за 10,4 секунды. Папярэдні рэкорд, пастаўлены ў 2010 годзе, Дубіцкі перасягнуў на 0,05 секунды. Аксана Корава ў пад'ёме па штурмавой лесвіцы на другі паверх таксама стала рэкардсменкай планеты, хаця да выніку паставілася крытычна.

Аксана Корава, рэкардсменка свету па пажарна-выратавальным спорце: "Сабой не задаволеная, малюся, каб не пабілі гэты час. Рыхтаваліся сур'ёзна, бо чэмпіянат свету праходзіць у маім родным Гродне".

Зборная Чэхіі адна з самых шматлікіх на чэмпіянаце. Але ўсё ж не большая за беларускую ці расійскую. Узровень сапраўды сур'ёзны. Каманды з 13-ці краін прывезлі лепшых спартсменаў. І калі ўдзел Балгарыі або Харватыі не дзіўны, то прысутнасць у Гродне ратавальнікаў з Паўднёвай Карэі - экзотыка.

Першыя ў гісторыі спаборніцтвы па пажарна-выратавальным спорце прайшлі ў СССР у 1937 годзе. Акрамя прыкладных дысцыплін (такіх, як пад'ём па штурмавой лесвіцы), у праграме значыліся гімнастыка, лёгкая атлетыка і стральба. Амаль праз 30 гадоў створана федэрацыя гэтага віду спорту. А першы чэмпіянат свету прайшоў у 2002 годзе.

З цягам часу алімпійскія віды з пажарнага спорту сышлі. Засталіся тыя, якія насамрэч з'яўляюцца ацэнкай прафесійнага майстэрства ратавальніка. Навыкі, якія дазваляюць ратаваць жыцці. І, дарэчы, пажарная, а не спартыўная форма дагэтуль абавязковая для ўсіх удзельнікаў.

Механізаваная калона пажарнай тэхнікі розных гадоў - адзін з самых яркіх момантаў цырымоніі адкрыцця. Сотні жыхароў Гродна выйшлі на вуліцы, каб панаглядаць за тым, што адбываецца.

Да канца тыдня гараджанам яшчэ будзе на што паглядзець. Апошнія камплекты медалёў на чэмпіянаце свету разыграюць у нядзелю.