Беларусь на чэмпіянаце свету па хакеі выйшла ў плэй-оф

12 мая 2015

Сёння ў вырашальным матчы беларуская зборная сустракалася з камандай з Нарвегіі. У другім перыядзе наша каманда вяла 3:0, затым двойчы прапусціла, але ўсё-такі абараніла сваю перамогу. 3:2. І зараз Беларусь займае чацвёртае месца ў групе В з васьмі каманд. 

Увесь турнірны расклад і перспектывы нашых хакеістаў у плэй-оф - з Астравы рэпартаж Андрэя Іванова.

Бліжэй да канца групавой стадыі чэмпіянату свету ўладальнікі кафэ і рэстаранаў, размешчаных недалёка ад астраўскай "Чэз Арэны", сталі страчваць у прыбытку. За 12 дзён турніру балельшчыкі перасыціліся мясцовымі сасіскамі, бульбачкай і нават півам… Зрэшты, за спажыўца барацьба працягваецца, хтосьці нават заваблівае да сябе вось такім вось спосабам: банар на чатырох мовах, у тым ліку і беларускай, хай і з памылкамі - дзейсны метад.

"Здзіўляюць" арыгінальнасцю маркетынгавых хадоў і арганізатары чэмпіянату свету. Білеты па адной кроне, гэта некалькі цэнтаў - мара любога балельшчыка. Праўда, дастаюцца яны выключна дзецям. На матчы Беларусь - Нарвегія "Чэз Арэна", якая змяшчае 10 тысяч гледачоў, працэнтаў на 60 была запоўненая выхаванцамі школ Астравы. Да добрага хакея ў Чэхіі прывучаюць з дзяцінства, а заадно і спрабуюць ставіць рэкорды наведвальнасці. У сваю чаргу шматлікія сапраўдныя балельшчыкі застаюцца без хакея. Але тых, хто правёў на трыбунах некалькі гульняў, можна распазнаць без цяжкасці - галасавыя звязкі не вытрымліваюць.

Дэйв Льюіс, галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі: "Па-за залежнасцю ад таго, супраць каго мы гуляем, трэба прытрымлівацца свайго стылю. А далей будзе відаць. Хоць зразумела - мы пакуль шчыльна не займаліся аналізам саперніка і паглыбленай падрыхтоўкай. Вось зараз пераязджаем у Прагу. Можа, у цягніку адразу і зоймемся".