Беларусь рыхтуецца прыняць другія Еўрапейскія гульні

6 сентября 2017

Беларусь ізноў рыхтуецца прыняць маштабны спартыўны форум - другія Еўрапейскія гульні. А, як вядома, гасціннасці беларусам не пазычаць. Вось і ў 2019 годзе ўсё павінна быць на вышэйшым узроўні. Пабудаваць якасна і ў больш сціснутыя тэрміны - сёння такую задачу паставіў прэм'ер-міністр. Да глабальнага форуму ў Мінску многія аб'екты абнаўляюцца, узводзіцца і шэраг новых будынкаў. Зараз ідзе маштабная рэканструкцыя стадыёна "Дынама", дзе ў 2019 годзе пройдуць цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў. З'явіцца і новы інтэрнат для спартсменаў і трэнераў на тэрыторыі студэнцкай вёскі, а таксама шматпрофільная спартыўная зала для гульнявых відаў спорту. Што яшчэ запланавана да Еўрагульняў? Падрабязнасці даведалася Надзея Сербіненка.

Студэнцкая вёска на праспекце Дзяржынскага ўжо ведае, што такое шквал спартыўных эмоцый. У 2014-м тут размяшчалася фан-зона чэмпіянату свету па хакеі. Тры гады таму гэта было галоўнае месца размяшчэння балельшчыкаў, а ў 2019-м - прафесійных спартсменаў і трэнерскага штаба. Плануецца, што ў Мінск у чэрвені 2019-га прыбудуць 4 тысячы атлетаў. Большасць паселіцца ў студвёсцы. Зараз будаўнікі ўзводзяць тут новы 25-павярховы корпус. Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, пабываўшы на будпляцоўцы, даручыў тэрміны здачы паскорыць.

Сёння прэм'ер наведаў яшчэ два аб'екты. Абодва - новабудоўлі, узводзяцца спецыяльна пад Еўрагульні. Гэта Навукова-практычны цэнтр спорту ў раёне "Мінск-Арэны". Там атлеты Еўрагульняў будуць праходзіць медыцынскія абследаванні, здаваць допінг-пробы. Яшчэ адзін аб'ект - шматпрофільная спартыўная зала для гульнявых відаў спорту. І яе Андрэй Кабякоў даручыў здаць у эксплуатацыю да канца года. Падчас Еўрагульняў-2019 зала на вуліцы Філімонава будзе асноўнай трэніровачнай базай для атлетаў у гульнявых відах спорту і адзінаборствах.

Асноўныя спаборніцтвы прымуць стадыён "Дынама", "Мінск-Арэна" і "Чыжоўка-Арэна". Будуць задзейнічаныя таксама Палац тэніса, новы спарткомплекс "Уручча", Палац воднага спорту. Усяго на карце Мінска ўжо вызначана каля дзесяці спартыўных лакацый.

Камітэт Еўрапейскіх гульняў вызначыўся і з так званым хатнім або сямейным гатэлем гульняў. Пяцізоркавы "Марыёт" прыме vip-гасцей. Тут размесціцца штаб Еўрапіяды - офіс еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў на 11 дзён з Рыма перамесціцца ў Мінск.

Побач з так званым сямейным гатэлем Гульняў будзе размяшчацца зона гасціннасці. Гэта неад'емная чаcтка любых спаборніцтваў такога ўзроўню. Тут будуць весціся прамыя трансляцыі спартыўных спаборніцтваў і, вядома, гэта месца для адпачынку vip-гасцей і правядзення нефармальных сустрэч.

Для размяшчэння спартыўных турыстаў, якіх у Мінску чакаюць яшчэ больш, чым у Баку, будуць задзейнічаны гасцініцы рознай зорнасці, якіх у Мінску дастаткова. Пры гэтым пражыванне можа быць уключана ў так званы турыстычны пакет - разам з білетам на матчы і праездам у Мінск.

У праграму Еўрагульняў будуць уключаныя найбольш масавыя і папулярныя віды спорту, у якіх у Беларусі ёсць пераможныя традыцыі. Іх будзе 15: веславанне, гімнастыка, баскетбол 3х3, веласіпедны спорт, розныя віды адзінаборстваў і стральбы. Некалькі відаў стануць кваліфікацыйнымі да Алімпіяды-2020 у Токіа. Выступіць у Мінску не горш, чым у Баку, мае намер і жаночая зборная па барацьбе. На першых Еўрагульнях дзяўчаты разам узялі 4 медалі. Золата і тры бронзы заваяваныя пад кіраўніцтвам Алега Райхліна.

На Гульнях у Азербайджане ў медальным заліку Беларусь заняла сёмае месца і заваявала 43 узнагароды. У Мінску ж атлеты атрымаюць дадатковую матывацыю.

Да старту Еўрагульняў менш як два гады. Але наперадзе вялікая падрыхтоўчая работа. І для беларускіх атлетаў годны вынік, і для будаўнікоў. Іміджавы праект - правесці Гульні з душой і беларускай гасціннасцю.