Беларусь - Францыя 3:0

17 мая 2016

Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі захавала прапіску ў элітным дывізіёне. У заключным матчы групавога раўнда чэмпіянату свету каманда Дэйва Льюіса перайграла французаў з лікам 3:0. Набраўшы ў выніку 6 ачкоў, беларусы занялі ў групе В шостае месца, пакінуўшы ззаду сённяшніх сапернікаў і венграў, якія пакідаюць элітны дывізіён. Лік у матчы ў другім перыядзе адкрыў капітан каманды Андрэй Стась, падвоіў перавагу беларусаў Джэф Плат. У трэцім перыядзе шайбу ў вароты сапернікаў ізноў адправіў Стась.

І сёння ўвечары - цэнтральныя сустрэчы чэмпіянату. Канада і Фінляндыя паспрачаюцца за першае месца ў групе В. У васьмёрцы А згуляюць расіяне і шведы. Прамая трансляцыя на тэлеканалах "Беларусь 2" і "Беларусь 5".