"Беларусь 5" пакажа матч Лігі нацый Беларусь - Люксембург у прамым эфіры ў 21:45

12 октября 2018

Спартыўная падзея, якую чакаюць шматлікія футбольныя балельшчыкі. Нацыянальная зборная Беларусі напярэдадні двух важных матчаў новага турніру Лігі нацый УЕФА. Выйграўшы лігу D, нашы футбалісты змогуць трапіць на чэмпіянат Еўропы - 2020. Для пачатку ж трэба стаць першымі на групавым этапе. Трэці матч з шасці са зборнай Люксембурга будзе згуляны сёння.

На сустрэчы будзе працаваць наш карэспандэнт Аляксандр Ярмаш.

У зборнай Беларусі зараз сапраўды вельмі важны момант. Рэч у тым, што два кастрычніцкія матчы - заключныя хатнія ў дэбютным розыгрышы Лігі нацый, і нашай камандзе трэба абавязкова перамагаць і Люксембург, і Малдову.

Пакуль, вядома, у гульцоў усе думкі аб найбліжэйшай сустрэчы. Да яе зборная рыхтавалася ў Мінску з панядзелка. А сёння ў 21:45 на стадыёне "Дынама" беларусы згуляюць супраць Люксембурга.

Каманда з "карлікавай дзяржавы" - нязручны сапернік для нашых хлопцаў. У мінулым адборы на чэмпіянат свету - 2018 апанент так і застаўся непераможаным. Зрэшты, гэты факт дадасць спартыўнай злосці беларускім футбалістам.

Матываваць павінна і адставанне каманды Ігара Крывушэнкі ад саперніка ў турнірнай табліцы: Люксембург атрымаў дзве перамогі на старце турніру, наша зборная страціла два ачкі ў Малдове.

У зборнай Беларусі ёсць выдатны шанец пазмагацца за выхад на чэмпіянат Еўропы - 2020. Як вядома, вялікія справы пачынаюцца з малых.

Заклікаю балельшчыкаў дапамагчы камандзе сваёй падтрымкай на стадыёне або ля экранаў тэлевізараў. "Беларусь 5" пакажа матч супраць Люксембурга ў прамым эфіры ў 21:45.